ХАЛО́ПЕНІЧЫ,
гарадскі пасёлак у Крупскім р-не Мінскай вобл. За 34 км ад г. Крупкі, 28 км ад чыг. ст. Крупкі на лініі Мінск—Орша, 134 км ад Мінска. 1,6 тыс. ж. (2002). Філіял Мінскага станкабудаўнічага завода імя С.М.Кірава, прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, дзіцячы дом, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, аддз. сувязі, 2 царквы. Брацкая магіла сав. воінаў, магілы ахвяр фашызму і сав. ваеннапалонных.
Вядомы з 1451. Уласнасць Ф.Даўгоўдавіча, М.Кезгайлы, Нонгартаў, Храптовічаў і інш. У 1669 у Х. 260 дымоў, кляштар дамініканцаў. у 1708 пабудаваны касцёл, у 1712 царква, у 1775 адкрыта школа, з 1777 дзейнічаў кірмаш. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Барысаўскага пав. У 1897 у Х. 2254 ж., нар. вучылішча (з 1863), царква (з 1828); касцёл, бровар (з 1840), ільнопрадзільня (з 1865), бальніца, паштова-тэлегр. аддз., 15 крам, 2 кірмашы на год. З 1920 у Мінскай губ. БССР. з 20.8.1924 цэнтр сельсавета; у 1924—31, 1935—60 цэнтр Халопеніцкага раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну ням. фашысты ў вер. 1941 расстралялі 800 ж., стварылі лагер смерці (загублена 1600 чал.); дзейнічала падп. арг-цыя.
т. 16, с. 532
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)