ХАЛО́ПЫ,

асабіста залежная ад феадалаў і найб. эксплуатуемая частка насельніцтва ў Кіеўскай Русі ў 9—13 ст. і ў Расіі да пач. 18 ст. Паводле прававога становішча набліжаліся да рабоў. Тэрмін «Х.» ўпершыню сустракаецца ў летапісе пад 986. У 11—12 ст. ужываўся для абазначэння розных катэгорый залежнага насельніцтва. Паводле «Рускай праўды» поўнымі (абельнымі) Х. станавіліся: палонныя; самазапраданыя пры сведках; тыя, хто ажаніўся з халопкаю (рабою); свабодныя жанчыны, якія выходзілі замуж за Х.; дзеці Х.; даўжнікі. Уладальнік мог неабмежавана распараджацца асобай Х.: забіць, прадаць, аддаць за даўгі і інш. Ён таксама нёс адказнасць за ўчынкі Х.: знявагу вольнага чалавека, кражу і г.д. Асн. частка Х. працавала ў сельскай гаспадарцы, некаторыя былі рамеснікамі, хатнімі і ваеннымі слугамі, выконвалі функцыі ніжэйшай адміністрацыі ў маёнтках. У Расіі ішоў працэс зліцця Х. з асн. масай прыгонных. У ВКЛ найб. залежныя ад феадалаў людзі наз. чэлядзь нявольная.

Літ.:

Зимин А.А. Холопы на Руси. М., 1973.

т. 16, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)