ХАЛС, Гальс (Hals) Франц (паміж 1581 і 1585, г. Антверпен, Бельгія 26.8.1666), галандскі жывапісец. Вучыўся у К. ван Мандэра (1600—03). Працаваў у Харлеме. Раннім партрэтам («Банкет афіцэраў стралковай роты св. Георгія», 1616), жанравым сцэнам («Муж і жонка ў парку», каля 1622), вобразам евангелістаў («Евангеліст Лука», «Евангеліст Матфей», каля 1623—25) уласцівы цёплыя тоны каларыту, дакладная мадэліроўка форм. Сталая манера, якая склалася ў канцы 1620-х г., вылучаецца надзвычайнай лёгкасцю, свабодай і тэмпераментам. У гэты перыяд ствараў пераважна партрэты: «Цыганка». «Мулат», «Мале Бабе» (усе каля 1630), «В. ван Хейтхейзен» (каля 1625—36), «Групавы партрэт стралковай роты св. Адрыяна» (1633). З 1640-х г. у партрэтах узмацняюцца псіхал. характарыстыкі, у каларыце пераважаюць серабрыстыя тоны, багатыя пераходамі адценняў: «Рэгенты шпіталя св. Лізаветы» (1641)

Познія работы пабудаваны на строгіх, напружаных кантрастах чорных і белых тонаў, адцененых рэдкімі чырвона-карычневымі плямамі («Мужчына ў чорным адзенні», каля 1650—52), з’яўляюцца і ноты безвыходнасці і песімізму («Рэгенты прытулку для састарэлых», 1664).

Літ.:

Сененко М.С. Франс Хальс. М., 1965;

Лазарев В.Н. Франс Гальс // Лазарев В.Н. Старые европейские мастера. М., 1974.

Т.​В.​Пешына.

Ф.Халс. Рэгенты прытулку для састарэлых. 1664.

т. 16, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)