Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АМІНАЦУ́КРЫ,

вытворныя простых монацукрыдаў (гексоз), у якіх адна або некалькі гідраксільных груп (OH) заменены амінагрупамі (NH2). Найб. пашыраны ў прыродзе d-глюкозамін (гал. кампанент хіціну, які ўтварае вонкавы шкілет насякомых і ракападобных) і d-галактазамін (уваходзіць у састаў глікаліпідаў, гал. поліцукрыду храсткоў — хондраітынсульфату). Выкарыстоўваюцца ў хім., хім.-фармацэўтычнай, тэкст. прам-сці.

т. 1, с. 318

АМІ́НЫ,

азотазмяшчальныя арган. злучэнні; вытворныя аміяку, у якіх атамы вадароду замешчаны арган. радыкаламі. Па колькасці замешчаных атамаў адрозніваюць аміны першасныя RNH2, другасныя R2NH, трацічныя R3N, па колькасці амінагруп — мона-, ды-, тры- і поліаміны. Ніжэйшыя аміны — газы, вышэйшыя — вадкасці ці цвёрдыя рэчывы. Аміны — асновы, з кіслотамі ўтвараюць солі, раствараюцца ў вадзе. Атрымліваюць звычайна алкіліраваннем аміяку, аднаўленнем нітразлучэнняў, нітрылаў. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці фарбавальнікаў, лекаў, палімерных матэрыялаў, флотарэагентаў, паверхнева-актыўных і роставых рэчываў, гербіцыдаў; уваходзяць у састаў біялагічна актыўных рэчываў, амінакіслот, нуклепратэідаў, ферментаў.

т. 1, с. 318

АМІРАБА́ДСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямёнаў эпохі позняй бронзы (9—8 ст. да н.э.), што жылі на тэр. Стараж. Харэзма (нізоўе р. Амудар’я). Назва ад стаянак у раёне канала Амірабад (Каракалпакія). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй. Жыло на паселішчах з 15—20 прамавугольных паўзямлянак. Для іх керамікі характэрна плоскае дно і акруглая форма тулава. На паселішчы Яке-Парсан-2 знойдзены бронзавыя наканечнікі стрэл, сярпы і формы для іх адліўкі.

т. 1, с. 318

АМІРАНАШВІ́ЛІ Медэя Пятроўна

(н. 10.9.1930, Тбілісі),

грузінская спявачка (сапрана), педагог. Нар. арт. Грузіі (1965), нар. арт. СССР (1976). Дачка П.В.Аміранашвілі. Скончыла Тбіліскую кансерваторыю (1953), выкладае ў ёй (з 1982 праф.). З 1954 салістка Груз. т-ра оперы і балета. Сярод лепшых партый: Маро («Даісі» З.Паліяшвілі), Мзія («Міндыя» А.Тактакішвілі), Таццяна («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Чыо-Чыо-сан («Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя Глінкі (1960), Міжнар. конкурсу «Мадам Батэрфляй» (Осака, 1970). Дзярж. прэмія Груз. ССР 1971.

т. 1, с. 318

АМІРАНАШВІЛІ Пётр

(Петрэ) Варламавіч (16.11.1907, с. Нігаіты Ланчхуцкага р-на, Грузія — 26.12.1976),

грузінскі спявак (барытон). Нар. арт. СССР (1950). Бацька М.П.Аміранашвілі. Пасля сканчэння Тбіліскай кансерваторыі (1930) саліст Грузінскага т-ра оперы і балета. Сярод партый: Кіазо («Даісі» З.Паліяшвілі), Аўтандзіл («Сказанне аб Тарыэлі» Ш.Мшвелідзе, Дзярж. прэмія СССР 1947), Князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Яга («Атэла» Дж.Вердзі).

т. 1, с. 319

АМІРА́НІ,

герой стараж. грузінскага нар. эпасу «Аміраніяні», які вучыць людзей, як здабываць агонь і апрацоўваць метал, вызваляе іх ад міфічных пачвар — дэваў. Бог жорстка карае Амірані, прыкаваўшы да скалы Каўказскіх гор. Міф пра Аітрані блізкі да міфаў пра Абрскіла і Праметэя.

т. 1, с. 319

АМІРА́НЦКІЯ АСТРАВЫ́

(Amirantes Islands),

архіпелаг нізінных каралавых а-воў (каля 150) у Індыйскім ак., на ПнУ ад в-ва Мадагаскар, тэр. дзяржавы Сейшэльскія Астравы. Пл. каля 85 км². Плантацыі какосавых пальмаў. Лоўля рыбы і чарапах. Адкрыты ў 1502 партугальцамі, названы ў гонар мараплаўца адмірала Васка да Гамы.

т. 1, с. 319

АМІ́РАЎ Фікрэт Мешады Джаміль аглы

(22.11.1922, г.. Гянджа — 20.2.1984),

азербайджанскі кампазітар. Нар. арт. СССР (1965). Чл.-кар. АН Азербайджана (1980). Герой Сац. Працы (1982). Аўтар першых нац. лірыка-псіхал. оперы «Севіль» (1953) і сімф. мугамаў «Шур» і «Кюрд-аўшары» (1948), якія паўплывалі на развіццё сімфанізму ў Азербайджане і інш. краінах Усходу.

Сярод інш. твораў: опера «Улдуз» (1948); балеты «Насімі» (1973), «Тысяча і адна ноч» (1979); муз. камедыі «Выкрадальнікі сэрцаў» (1944), «Добрая вестка» (1946); Сімфонія Нізамі (1947); сімф. і арк. творы, рамансы, апрацоўкі нар. песень, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Аўтар кн. «Музычныя роздумы» (1971), «Музычныя старонкі» (1978) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1949 і 1980; Дзярж. прэмія Азербайджана 1974.

Літ.:

Виноградов В. Мир музыки Фикрета. Баку, 1983.

т. 1, с. 319

АМІРДАЎЛА́Т Амаснацы

(1420 або 1425 — 1496),

армянскі ўрач. Аўтар працы «Карысць медыцыны» (1469) пра анатамічныя, фізіялагічныя, гігіенічныя веды; таксама даецца апісанне хвароб, якія былі вядомы сярэдневяковай медыцыне. У працы «Непатрэбнае для невукаў» (1482) прыведзена каля 3000 назваў лек. сродкаў на 6 мовах у алфавітным парадку.

т. 1, с. 319

АМІРХА́Н Фатых Зарыфавіч

(13.1.1886, Казань — 9.3.1926),

татарскі пісьменнік. Заснаваў прагрэсіўную газ. «Эль-іслах» («Рэформа», 1907—09). Аўтар аповесцяў «Татарская дзяўчына», «Фатхула хазрат» (абедзве 1909), «На раздарожжы» (1912), драмы «Моладзь» (1910) і інш. Змагаўся за рэаліст. мастацтва, выступаў супраць перажыткаў феадалізму, паказваў імкненне тат. моладзі да новага жыцця.

т. 1, с. 319