АМІ́НЫ,

азотазмяшчальныя арган. злучэнні; вытворныя аміяку, у якіх атамы вадароду замешчаны арган. радыкаламі. Па колькасці замешчаных атамаў адрозніваюць аміны першасныя RNH2, другасныя R2NH, трацічныя R3N, па колькасці амінагруп — мона-, ды-, тры- і поліаміны. Ніжэйшыя аміны — газы, вышэйшыя — вадкасці ці цвёрдыя рэчывы. Аміны — асновы, з кіслотамі ўтвараюць солі, раствараюцца ў вадзе. Атрымліваюць звычайна алкіліраваннем аміяку, аднаўленнем нітразлучэнняў, нітрылаў. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці фарбавальнікаў, лекаў, палімерных матэрыялаў, флотарэагентаў, паверхнева-актыўных і роставых рэчываў, гербіцыдаў; уваходзяць у састаў біялагічна актыўных рэчываў, амінакіслот, нуклепратэідаў, ферментаў.

т. 1, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)