БУЖА́НЕ,
усходнеславянская племянная групоўка на р. Зах. Буг або Паўд. Буг (адсюль назва). Межы рассялення бужан пісьмовымі крыніцамі не вызначаны. Паводле Баварскага географа (9 ст.), мелі 231 «горад» (умацаванае паселішча). У пач. недатаванай часткі «Аповесці мінулых гадоў» адзначана, што папярэднікі бужан зваліся дулебамі, наступнікі — валынянамі. Гісторыкі лічаць, што ў дадзеным выпадку адбылася змена назвы мясц. насельніцтва.
В.С.Пазднякоў.
т. 3, с. 318
БУЖУМБУ́РА
(Bujumbura),
Усумбура, горад, сталіца Бурундзі. Адм. ц. прэфектуры Бужумбура. Засн. ў 1897. 300 тыс. ж. (1993). Порт на паўн.-зах. беразе воз. Танганьіка. Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гандл. і эканам. цэнтр краіны. Цэм., металарамонтная, піваварная, шкларобная, рыса- і бавоўнаачышчальная, швейная, абутковая, цыгарэтная, мылаварная, тэкст. прам-сць. Пачатковая апрацоўка кавы. Лоўля і перапрацоўка рыбы. Сеткавязальная ф-ка. Ун-т. Музей афрыканскай цывілізацыі. Паблізу Бужумбуры 2 ГЭС.
т. 3, с. 318
БУЖЫ́НСКІ Станіслаў Антоні
(27.4.1701—15.5.1775),
дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай. Скарбнік смаленскі, з 1732 інстыгатар (пракурор) ВКЛ, пісар Трыбунала ВКЛ, пасол на сеймы. З 1750 кашталян брэсцкі, у 1752—63 кашталян смаленскі, староста краснасельскі. Падтрымліваў Чартарыйскіх. Пасля смерці жонкі адмовіўся ад грамадскай дзейнасці, уступіў у ордэн езуітаў. Сабраў для апублікавання важнейшыя пастановы сеймаў Польшчы і Рэчы Паспалітай да сярэдзіны 18 ст. (выдадзены ў 1765 яго сынам Т.Бужынскім).
т. 3, с. 318
БУЖЫ́НСКІ Тадэвуш
(?—1773),
дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай. Сын С.А.Бужынскага. Вучыўся ў Варшаўскім езуіцкім калегіуме. Староста краснасельскі, ротмістр войска ВКЛ, у 1763—69 кашталян смаленскі, у 1764—66 чл. Камісіі скарбовай ВКЛ, у 1766 маршалак Трыбунала ВКЛ, з 1770 ваявода мінскі, у 1769—71 пасол у Галандыі і Англіі. Прыхільнік Чартарыйскіх. У 1765 выдаў падрыхтаваныя бацькам важнейшыя пастановы сеймаў Польшчы і Рэчы Паспалітай.
т. 3, с. 318
БУЗА́,
возера ў Беларусі, у Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса (працякае праз возера), за 34 км на У ад г.п. Расоны. Пл. 0,21 км², даўж. 920 м, найб. шыр. 380 м, даўж. берагавой лініі 2,22 км.
Схілы катлавіны выш. да 5 м, пад лесам і хмызняком, на Пн разараныя. Берагі сплавінныя. Зарастае.
т. 3, с. 318
БУЗА́ Міхаіл Канстанцінавіч
(н. 15.6.1940, в. Залюбічы Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. вучоны ў галіне інфарматыкі і выліч. тэхнікі. Д-р тэхн. н. (1992), праф. (1988). Скончыў БДУ (1965), дзе працуе з 1967. Навук. працы па тэорыі і практыцы праектавання матэм. забеспячэння ЭВМ. Распрацаваў нетрадыц. метад кадавання інфармацыі; тэхналогію праектавання паралельных праграм, прапанаваў іерархічную структуру шматпрацэсарнай выліч. сістэмы.
Тв.:
Лабораторный практикум по математическому обеспечению ЭВМ. Ч. 1—3. Мн., 1982—84 (у сааўт.);
Толковый русско-англо-белорусский словарь по информатике. Мн., 1994 (у сааўт.);
Ваш персональный компьютер. Мн., 1995 (у сааўт.).
т. 3, с. 318
БУЗЕ́СКУЛ Уладзіслаў Пятровіч
(8.3.1858, с. Папоўка Харкаўскай вобл., Украіна — 1.6.1931),
рускі і ўкр. гісторык антычнасці. Акад. АН СССР (1922), АН УССР (1925). Праф. Харкаўскага ун-та (1890—1921). Асн. працы прысвечаны эканам. і сац. гісторыі Стараж. Грэцыі, крыніцазнаўству і гістарыяграфіі антычнасці.
Тв.:
Перикл. Харьков, 1889;
«Афинская полития» Аристотеля как источник для истории государственного строя Афин до конца V в. Харьков, 1895;
История афинской демократии. СПб., 1909;
Исторические этюды. СПб., 1911;
Античность и современность. 3 изд. Л., 1924.
т. 3, с. 319
БУЗІНА́
(Sambucus),
род кветкавых раслін сям. бружмелевых. Каля 40 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных зонах зямнога шара. На Беларусі як здзічэлыя і натуралізаваныя трапляюцца бузіна гронкавая, або чырвоная (S. racemosa), чорная (S. nigra) і травяністая, або бузнік (S. ebulus), рэдка ў культуры — арыгінальныя сарты бузіны чорнай: залацістая, рассечана- і стракаталістая. У Цэнтр. бат. садзе АН вырошчваюць 6 інтрадукаваных відаў: бузіна Зібальда (S. sieboldiana), камчацкую (S. kamtschatica), канадскую (S. canadensis), карэйскую (S. coreana), пушыстую (S. pubens) і сібірскую (S. sibirica).
Высокія кусты або невял дрэвы выш. да 10 м, зрэдку шматгадовыя травяністыя расліны. Лісце няпарнаперыстае з непрыемным пахам. Кветкі дробныя, белыя, жоўтыя, крэмавыя, зеленаватыя, іншы раз ружовыя або чырвоныя, у верхавінкавых шчыткападобных або мяцёлчатых суквеццях. Плод — сакаўная ягадападобная касцянка. Дэкар., лек., харч., тэхн., меданосныя, ядавітыя (кара мае алкалоід самбуцын), інсектыцыдныя і фітанцыдныя расліны.
т. 3, с. 319
БУЗО́НІ
(Busoni) Феруча Бенвенута (1.4.1866, г. Эмпалі, Італія — 27.7.1924),
італьянскі піяніст, кампазітар, дырыжор, педагог, музыказнавец. Чл. Балонскай філарманічнай акадэміі (1881), доктар Цюрыхскага ун-та (1919), праф. Берлінскай акадэміі мастацтваў (з 1920). Адзін з тэарэтыкаў неакласіцызму. Тонкі інтэрпрэтатар музыкі І.С.Баха, Л.Бетховена, Ф.Ліста. Канцэртаваў у многіх краінах. Вядомыя яго транскрыпцыі для фп. твораў Баха, Ліста, В.А.Моцарта і інш. Выступаў як дырыжор («Бузоніеўскія аркестравыя вечары», Берлін, 1902—09). Сярод муз. твораў: 4 оперы, у т. л. «Турандот» (1917), санаты і п’есы для аркестра, канцэрты для фп. і інш. інструментаў з арк.; камерна-інстр. ансамблі, фп. п’есы, песні і інш. Прэмія па кампазіцыі на 1-м Міжнар. конкурсе піяністаў імя А.Рубінштэйна (Пецярбург, 1890). Зрабіў вял. ўплыў на развіццё піяністычнага мастацтва. Сярод яго вучняў А.Гнесіна. З 1949 у г. Бальцана (Італія) штогод праводзіцца Міжнар. конкурс піяністаў імя Бузоні.
Літ.:
Коган Г.Ф. Бузони. 2 изд. М., 1971.
т. 3, с. 319
БУЗУ́К Пётр Апанасавіч
(14.7.1891, в. Цярноўка, Малдова — 7.10.1943),
бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1924), праф. (1925). Скончыў Адэскі ун-т (1916). У 1926—30 заг. дыялекталагічнай камісіі Інбелкульта (з 1929 АН Беларусі), у 1931—33 дырэктар Ін-та мовазнаўства АН Беларусі і заг. кафедры ў Бел. вышэйшым пед. ін-це. У 1934 арыштаваны, высланы ў Волагду. Даследаваў праблемы праслав. мовы і ўтварэння асобных моўных груп эпохі праслав. адзінства («Погляды акадэміка Шахматава на дагістарычныя лёсы славянства», 1918—21; «Становішча беларускай мовы сярод іншых славянскіх моў», 1927, і інш.), пытанні агульнага і параўнальна-гіст. мовазнаўства («Асноўныя пытанні мовазнаўства», 1926). Вывучаў мову помнікаў стараж.-сербскага пісьменства, узаемасувязі паміж укр. і бел. мовамі («Узаемаадносіны паміж украінскай і беларускай мовамі», 1926), дыялекты бел. мовы, станаўленне яе літ. нормаў. Аўтар першага дыялекталагічнага атласа бел. мовы «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі» (1928).
Літ.:
Рамановіч Я., Юрэвіч А. П.А.Бузук. Мн., 1969.
І.К.Германовіч.
т. 3, с. 319