БУЗУ́К Пётр Апанасавіч
(14.7.1891, в. Цярноўка, Малдова — 7.10.1943),
бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1924), праф. (1925). Скончыў Адэскі ун-т (1916). У 1926—30 заг. дыялекталагічнай камісіі Інбелкульта (з 1929 АН Беларусі), у 1931—33 дырэктар Ін-та мовазнаўства АН Беларусі і заг. кафедры ў Бел. вышэйшым пед. ін-це. У 1934 арыштаваны, высланы ў Волагду. Даследаваў праблемы праслав. мовы і ўтварэння асобных моўных груп эпохі праслав. адзінства («Погляды акадэміка Шахматава на дагістарычныя лёсы славянства», 1918—21; «Становішча беларускай мовы сярод іншых славянскіх моў», 1927, і інш.), пытанні агульнага і параўнальна-гіст. мовазнаўства («Асноўныя пытанні мовазнаўства», 1926). Вывучаў мову помнікаў стараж.-сербскага пісьменства, узаемасувязі паміж укр. і бел. мовамі («Узаемаадносіны паміж украінскай і беларускай мовамі», 1926), дыялекты бел. мовы, станаўленне яе літ. нормаў. Аўтар першага дыялекталагічнага атласа бел. мовы «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі» (1928).
Літ.:
Рамановіч Я., Юрэвіч А. П.А.Бузук. Мн., 1969.
І.К.Германовіч.
т. 3, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)