БУРХА́НАЎ Аслі Бадрыдзінавіч
(н. 8.1.1915, г. Бухара, Узбекістан),
таджыкскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1965). Працаваў у т-ры імя Лахуці (Душанбе). У творчасці Бурханава тэмперамент спалучаецца з мяккім лірызмам і камедыйнасцю. Сярод роляў: Хушвакт («Паклёп» С.Саідмурадава і У.Ісмаілава), Сафар («У агні» С.Улуг-задэ), Ядгор («Дахунда» Дж.Ікрамі), Яга, Меркуцыо, Кент («Атэла», «Рамэо і Джульета», «Кароль Лір» У.Шэкспіра), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля). Паставіў спектаклі: «Настаўнік кахання» М.Міршакара (1945), «Два веронцы» Шэкспіра (1966) і інш. З 1940 здымаўся ў кіно: «Застава ў гарах», «Авіцэна», «Я сустрэў дзяўчыну», «Чалавек мяняе скуру», «Сказанне пра Сіявуш».
т. 3, с. 354
БУРХА́НАЎ Шукур
(5.12.1910, Ташкент — 1987),
узбекскі акцёр. Нар. арт. СССР (1959). З 1927 у т-ры імя Хамзы (Ташкент). Ствараў яркія, тэмпераментныя, псіхалагічна складаныя характары: Гафур («Бай і батрак» Хамзы), Фархад («Легенда пра каханне» Назыма Хікмета), Гамлет, Брут («Гамлет», «Юлій Цэзар» У.Шэкспіра), Эдып («Цар Эдып» Сафокла), Вайніцкі («Дзядзька Ваня» А.Чэхава) і інш. З 1940 здымаўся ў кіно: «Тахір і Зухра», «Зорка Улугбека», «Гібель чорнага консула» і інш. Дзярж. прэмія Узбекістана імя Хамзы 1964.
т. 3, с. 354
БУРШ Яша
(сапр. Анісяровіч Янка; н. 12.11.1929, г. Баранавічы Брэсцкай вобл.),
бел. паэт і мастак. Жыве ў Польшчы. Скончыў Варшаўскую акадэмію мастацтва (1957). Дэбютаваў вершамі ў беластоцкім зб. «Рунь» (1959). Аўтар паэт. кнігі «Прамень думкі» (Беласток, 1964). Друкаваўся ў альманаху «Белавежа» (1965, 1971) і інш. Вершы Бурша пра складаны духоўны свет сучаснага чалавека, выбар ім шляхоў у грамадстве, інтымныя пачуцці. Шмат месца займае пейзажная лірыка. Паэтычная мова Бурша ўскладненая, разлічана на вобразна-асацыятыўнае мысленне чытача. Адзін з арганізатараў бел. літ.-маст. руху на Беласточчыне. Жывапісныя творы Б. выстаўляліся ў Польшчы і за мяжой.
А.В.Мальдзіс.
т. 3, с. 354
БУРШТЫ́Н
(ням. Bernstein),
янтар, мінерал класа арган. злучэнняў, выкапнёвая акамянелая смала хвойных дрэў верхнемелавога—палеагенавага перыядаў. Аморфны вуглевадарод, каркасны палімер. Прыкладная хім. формула C10H16O4. Трапляецца ў выглядзе зерняў, жаўлакоў і пласцін памерам ад некалькіх мм да 50 см у папярочніку. Звонку мае шчыльную непразрыстую шэрую ці бурую скарынку прадуктаў акіслення. Колер жоўты і карычневы розных адценняў, аранжавы, малочнабелы, зеленаваты і інш. Празрысты або замутнены. Бляск шкляны або смалісты. Цв. 2—3. Крохкі. Шчыльн. каля г/см³. Дыэлектрык. Т-ра плаўлення 250—300 °C, лёгка згарае.
Частка бурштыну мае т.зв. інклюзы — уключэнні насякомых і раслінных рэшткаў (такія ўзоры высока цэняцца). Утвараецца ў працэсе фасілізацыі (акамянення) смалы ў выніку полікандэнсацыі смаляных кіслот і тэрпенаў і наступнага пераадкладання з пахаваннем у прыбярэжна-марскіх, лагунных і дэльтавых адкладах. Каштоўны ювелірна-вырабны камень. Для атрымання суцэльных масаў бурштынавая дробязь апрацоўваецца пад ціскам пры павышаных т-рах. Некандыцыйны бурштын — сыравіна для вытв-сці бурштынавых кіслот, масла, каніфолі, лакаў, фарбаў і інш. Асн. радовішчы па берагах Балтыйскага м. ў Расіі (Калінінградская вобл.), Германіі, Польшчы, а таксама ў Італіі, Бірме, Канадзе, ЗША, Мексіцы і інш.
У Беларусі вылучаюцца 3 перспектыўныя на бурштын раёны: Зах.-Беларускі, Мікашэвіцка-Жыткавіцкі і найб. перспектыўны Палескі (асабліва т.зв. Драгічынская плошча). Адклады на глыб. 15—80 м.
т. 3, с. 354
БУРШТЫ́НАВАЯ КІСЛАТА́,
этан 1, 2-дыкарбонавая кіслата, HOOC(CH)2COOH. Бясколерныя крышталі, tпл 185 °C, шчыльн. 1563 кг/м³ (20 °C). Пры т-ры 235 °C адшчапляе ваду і ператвараецца ў ангідрыд. Добра раствараецца ў вадзе, спірце і эфіры. Утварае 2 рады вытворных: солі і эфіры бурштынавай кіслаты (сукцынаты). У прам-сці атрымліваюць гідрыраваннем малеінавага ангідрыду. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці некат. пластмасаў, фарбавальнікаў, лек. сродкаў, інсектыцыдаў і сінт. смол.
т. 3, с. 354
БУРШТЭ́ЙН Майсей Ісакавіч
(5.4.1889, г. Смаргонь Гродзенскай вобл.—1968),
бел. вучоны ў галіне садоўніцтва. Д-р с.-г. н. (1944), праф. (1922). Скончыў Новаалександрыйскі ін-т сельскай гаспадаркі і лесаводства (г. Пулавы Люблінскага ваяв., Польшча). З 1922 у Горацкай с.-г. акадэміі. Абследаваў многія раёны Беларусі і Расіі для закладкі садоў з улікам рэльефу мясцовасці і прыроднага дрэнажу. Выяўляў каштоўныя мясц. сарты пладовых культур, вывучаў уплыў прышчэпы на прышчэпак, падбіраў прышчэпы для закладкі гадавальнікаў.
т. 3, с. 354
БУ́РЫ,
народ у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, гл. Афрыканеры.
т. 3, с. 355
БУРЫМЕ́
(ад франц. bouts rimés рыфмаваныя канцы),
верш, напісаны на загадзя вядомыя рыфмы. Узнік у Францыі ў 1-й пал. 17 ст. як форма салоннай «лёгкай паэзіі», чыста літаратурная забава. З 20 ст. становіцца пераважна эстрадным жанрам. Прынцып бурыме пакладзены ў аснову некаторых бел. нар. песень: назвы ўсіх дзён тыдня прадвызначылі рыфмы, а разам з тым і арганізавалі вершаваныя радкі жартоўнай песні «Ад панядзелка да панядзелка».
т. 3, с. 355
БУРЫЯ́Н
(Burian) Эміль Францішак (11.6.1904, г. Пльзень, Чэхія — 9.8.1959),
чэшскі рэжысёр, драматург. Нар. арт. Чэхаславакіі (1954). Скончыў Пражскую кансерваторыю (1927). Аўтар 8 опер і 4 балетаў, сімф. і камерна-інстр. твораў, музыкі да спектакляў, кінафільмаў. З 1929 выступаў як рэжысёр драм. т-ра. Заснаваў у Празе т-р «Д-34», дзе ставіў вострапаліт. спектаклі. Яго пастаноўкі адметныя разнастайнасцю жанраў, пошукамі новых выразных сродкаў, спалучэннем слова, музыкі і пластыкі. Аўтар і пастаноўшчык п’ес «Вайна» (1935), «Народная сюіта» (1938), заснаваных на нар. фальклоры. У 1941—45 у канцлагеры. Пасля вызвалення паставіў спектаклі «Швейк» паводле Я.Гашака, «Опера жабракоў» Б.Брэхта, «На дне» М.Горкага і інш.
т. 3, с. 356
БУ́РЫЯ ВО́ДАРАСЦІ
(Phaeophyta),
аддзел водарасцей. 2 класы — феазааспоравыя (Phaeozoosporophyceae) і цыкласпоравыя (Cyclosporophyceae), каля 250 родаў (3 роды прэснаводныя, астатнія — марскія) і 1500 відаў (найб. вядомыя — ламінарыя цукрыстая, фукус пухіраваты, саргасум змешаны і інш.). Пашыраны ва ўсіх морах, у халодных водах утвараюць значныя зараснікі.
Шматклетачныя, пераважна макраскапічныя водарасці даўж. да 60 м. Слаявішча жаўтавата-бурае з-за прысутнасці жоўтых і бурых пігментаў (фукаксанціну і інш.), мае хларафілы a і c. Размнажаюцца лалавым і бясполым шляхам, радзей вегетатыўна. Палавы працэс — ізагамія, анізагамія і аагамія. Цыкл развіцця ізаморфны (больш старажытны) і гетэраморфны. Адметныя рысы бурых водарасцей: шматклетачныя валаскі з базальнай зонай росту; шматгнездавыя ўмяшчальні, што функцыянуюць як гаметангіі або спарангіі; зааспоры і гаметы з 2 жгуцікамі. Шырока выкарыстоўваюцца як харч. і кармавыя расліны, у медыцыне і прам-сці для атрымання алігінтаў, манітолу, кармавой мукі.
т. 3, с. 355