АНАРТЫ́Т
(ад грэч. anorthos косы),
мінерал групы палявых шпатаў, Са[Al2Si2O8], крайні член ізаморфнага рада плагіяклазаў. Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Крышталі сустракаюцца рэдка; звычайна зерні і зярністыя агрэгаты. Колер белы, шэры, зеленаваты. Празрысты да паўпразрыстага. Бляск шкляны да перламутравага. Цв. 6—6,5; крохкі. Шчыльн. каля 2,8 г/см³. Пераважна магматычнага паходжання. Анартыт — пародаўтваральны мінерал горных парод асн. саставу (габра, базальты і інш.), якія трапляюцца на Беларусі ў адкладах дакембрыю. Знойдзены ў некаторых метэарытах. Выкарыстоўваецца ў керамічнай прам-сці.
т. 1, с. 339
АНА́РХА-СІНДЫКАЛІ́ЗМ,
плынь у рабочым руху, сфарміраваная пад уплывам анархізму. Узнік у канцы 19 ст. ў Францыі, Італіі, Іспаніі, Швейцарыі, краінах Лац. Амерыкі. Найб. росквіту дасягнуў на пач. 20 ст. Яго прыхільнікі адмаўляюць паліт. арг-цыю рабочых; вышэйшай формай арг-цыі лічаць рабочыя сіндыкаты (прафсаюзы), якія падрыхтуюць і ажыццявяць сац. пераварот, і тады будуць ліквідаваны паліт. ўлада і дзяржава. У выніку асн. сродкі вытв-сці, кіраванне вытв-сцю і размеркаванне пяройдуць да Федэрацыі сіндыкатаў, якая павінна стаць на чале новага грамадства. Анарха-сіндыкалізм і зараз робіць уплыў на частку рабочых і дробнай буржуазіі. Сучасныя яго прыхільнікі канцэнтруюць увагу на праблемах свабоды асобы і насіллі як адзінай форме барацьбы за пераход да свабоднага грамадства. Ідэі анарха-сіндыкалізму выкарыстоўваюць розныя леваэкстрэмісцкія плыні.
М.В.Навучыцель.
т. 1, с. 339
АНАРХІ́ЗМ
(ад грэч. anarchia безуладдзе),
ідэалогія, грамадска-паліт. плынь у рэв. руху, мэта якой — вызваленне асобы ад паліт., эканам. і духоўнай улады. У тэарэт. адносінах не мае адзінай, лагічна паслядоўнай канцэпцыі. Асобныя ідэі анархізму існавалі яшчэ ў антычнай філасофіі (Платон, стоікі), атрымалі развіццё ў ідэалогіі гусізму, творах франц. асветнікаў і асабліва грамадска-паліт. дзеячаў 19 ст.: М.Штырнера, П.Прудона, М.Бакуніна, П.Крапоткіна і інш. Сац.-філас. аснова анархізму — індывідуалізм, суб’ектывізм і валюнтарызм. Анархізм негатыўна ставіцца да дзяржавы як сац. ін-та, замяняе дзяржаву абшчынай, у якой рэалізуецца свабода асобы. Як грамадска-паліт. плынь аформіўся ў 1840—70-я г. ў Зах. Еўропе. У Расіі ідэі анархізму ўспрынялі народнікі (гл. Народніцтва). У пач. 20 ст. анархізм атрымаў новае развіццё. У 1903—05 на Беларусі групоўкі анархістаў існавалі ў Баранавічах, Брэсце, Гродне і інш., у 1917—20 — у Віцебску, Гомелі, Мінску. Іх дзейнасці ўласцівы рэв. нецярпімасць, авантурызм, хістанні ад супрацоўніцтва з Саветамі да антысав. выступленняў. Пасля 2-й сусв. вайны анархізм выступае пераважна ў форме неаанархізму (анарха-сіндыкалізм, анарха-калектывізм, анарха-камунізм, трацкізм, мааізм і г.д.). Дзейнасць анархістаў праявілася ў гады грамадзянскай вайны (гл. Махно). Ідэі анархізму ўплываюць на погляды «новых левых», «зялёных», «левых радыкалаў», прыхільнікаў альтэрнатыўных рухаў і інш.
Т.І.Адула.
т. 1, с. 339
АНА́РХІЯ ВЫТВО́РЧАСЦІ,
стыхійнасць, хаатычнасць, бяспланавасць грамадскай вытв-сці; паводле марксісцкай тэорыі, характэрная асаблівасць капіталізму. Мела месца ў эпоху даманапаліст. капіталізму, калі дробныя прадпрымальнікі вялі паміж сабой жорсткую канкурэнтную барацьбу, а ў вытворча-гасп. дзейнасці ўлічвалі найперш стыхійны попыт і рыначныя цэны на тавары. У перыяд дзярж.-манапаліст. капіталізму ў развітых краінах пачалося вывучэнне попыту і прапановы, укараненне маркетынгу, дзярж. рэгуляванне эканомікі. У некат. развітых краінах дзейнічаюць дзярж. планавыя камітэты, а для абмежавання самавольства манаполій у іх канкурэнтнай барацьбе створана антыманапольнае заканадаўства.
т. 1, с. 340
АНАСА́ЗІ,
археал. культура амерыканскіх індзейцаў, якія з 1—2 ст. н.э. жывуць на сумежжы штатаў Арызона, Юта, Нью-Мексіка і Каларада (ЗША). Назва ад імя стараж. народа, продкаў сучаснага народа пуэбла. У час росквіту (перыяд класічнага Пуэбла, 1050—1300) асаназі займаліся земляробствам (асн. культура кукуруза), выраблялі характэрную паліхромную кераміку, будавалі т.зв. пуэбла (вял. колькасць прамавугольных жытлаў, якія цесна прыціснуты адно да аднаго і ўтвараюць некалькі паверхаў ці тэрас) і ківа (падземныя камеры ў пуэбла, выкарыстоўваліся як мужчынскія дамы і памяшканні для рэлігійных цырымоній). Іх найбольшыя гарады Пуэбла-Баніта, Меса-Вердэ і інш. З 1300 пачаўся перыяд заняпаду, які працягваўся да заваявання іх іспанцамі (канец 17 ст.). Некат. пуэбла заселеныя і цяпер.
т. 1, с. 340
АНАСТАМО́З (ад грэч. anastomōsis адтуліна, выхад) у жывёл — злучэнне паміж двума крывяноснымі або лімфатычнымі сасудамі або двума нервамі. У клініцы чалавека Анамастозам наз. штучнае або патагеннае злучэнне паміж трубчастымі органамі. У вышэйшых раслін — злучэнне паміж трубчастымі структурамі, напр. паміж жылкамі ў ліста, разгалінаваннямі млечнікаў і інш. У грыбоў — злучэнне або зрастанне двух гіфаў міцэлію.
т. 1, с. 340
АНАСТАСЕ́ВІЧ Васіль Рыгоравіч
(11.3.1775, Кіеў — 28.2.1845),
бібліёграф, перакладчык, выдавец. Скончыў Кіеўскую акадэмію (1793). З 1795 на вайск. службе, з 1802 у Мін-ве нар. асветы, у 1803—10 пісьмавод папячыцеля Віленскай навуч. акругі А.Чартарыйскага, у 1809—16 у Камісіі складання законаў, у 1826—28 у Гал. цэнзурным камітэце. У 1811—12 выдаваў час. «Улей», дзе надрукаваў першы ў Расіі тэарэт. артыкул па бібліяграфіі. З 1817 адзін з сакратароў М.П.Румянцава, уваходзіў у Румянцаўскі гурток. У 1811 ажыццявіў навук. выданне Статута ВКЛ 1588. Пераклаў з польск. мовы на рускую палітэканамічныя працы В. І І.Страйноўскіх.
Дз.У.Караў.
т. 1, с. 340
АНАСТЫГМА́Т
(ад ан... + астыгматызм),
складаны аб’ектыў, які практычна пазбаўлены ўсіх аберацый (гл. Аберацыі аптычных сістэм). Пры вял. святласіле выразны відарыс па ўсім полі. Складаецца са спец. падабраных лінзаў. Выкарыстоўваецца ў тэхн. і маст. фатаграфіі і кінематаграфіі.
т. 1, с. 340
АНАТА́З,
мінерал падкласа простых вокіслаў, адна з трох паліморфных мадыфікацый рутылу (TiO2); прымесі жалеза, цынку, ніобію. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, прызматычныя і інш. Колер зеленавата-жоўты, буры, чорны. Бляск алмазны. Цв. 5—6. Шчыльн. 3,9 г/см³. Пры награванні да 620—650 °C пераходзіць у рутыл. Другасны акцэсорны мінерал: адзінкавыя зерні ў пегматытах, сланцах, у россыпах, баксітах і інш.
т. 1, с. 340
АНАТАКСІ́НЫ
(ад ана... + таксіны),
бактэрыяльныя таксіны, якія ў выніку спец. апрацоўкі (напр., фармалінам, цяплом) страцілі ядавітыя ўласцівасці, але захавалі здольнасць стымуляваць імунітэт. Выкарыстоўваюць для прафілактыкі і лячэння дыфтэрыі, слупняку і інш. інфекцый.
т. 1, с. 340