АНА́РХА-СІНДЫКАЛІ́ЗМ,

плынь у рабочым руху, сфарміраваная пад уплывам анархізму. Узнік у канцы 19 ст. ў Францыі, Італіі, Іспаніі, Швейцарыі, краінах Лац. Амерыкі. Найб. росквіту дасягнуў на пач. 20 ст. Яго прыхільнікі адмаўляюць паліт. арг-цыю рабочых; вышэйшай формай арг-цыі лічаць рабочыя сіндыкаты (прафсаюзы), якія падрыхтуюць і ажыццявяць сац. пераварот, і тады будуць ліквідаваны паліт. ўлада і дзяржава. У выніку асн. сродкі вытв-сці, кіраванне вытв-сцю і размеркаванне пяройдуць да Федэрацыі сіндыкатаў, якая павінна стаць на чале новага грамадства. Анарха-сіндыкалізм і зараз робіць уплыў на частку рабочых і дробнай буржуазіі. Сучасныя яго прыхільнікі канцэнтруюць увагу на праблемах свабоды асобы і насіллі як адзінай форме барацьбы за пераход да свабоднага грамадства. Ідэі анарха-сіндыкалізму выкарыстоўваюць розныя леваэкстрэмісцкія плыні.

М.В.Навучыцель.

т. 1, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)