АНАСА́ЗІ,
археал. культура амерыканскіх індзейцаў, якія з 1—2 ст. н.э. жывуць на сумежжы штатаў Арызона, Юта, Нью-Мексіка і Каларада (ЗША). Назва ад імя стараж. народа, продкаў сучаснага народа пуэбла. У час росквіту (перыяд класічнага Пуэбла, 1050—1300) асаназі займаліся земляробствам (асн. культура кукуруза), выраблялі характэрную паліхромную кераміку, будавалі т.зв. пуэбла (вял. колькасць прамавугольных жытлаў, якія цесна прыціснуты адно да аднаго і ўтвараюць некалькі паверхаў ці тэрас) і ківа (падземныя камеры ў пуэбла, выкарыстоўваліся як мужчынскія дамы і памяшканні для рэлігійных цырымоній). Іх найбольшыя гарады Пуэбла-Баніта, Меса-Вердэ і інш. З 1300 пачаўся перыяд заняпаду, які працягваўся да заваявання іх іспанцамі (канец 17 ст.). Некат. пуэбла заселеныя і цяпер.
т. 1, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)