АНАРХІ́ЗМ

(ад грэч. anarchia безуладдзе),

ідэалогія, грамадска-паліт. плынь у рэв. руху, мэта якой — вызваленне асобы ад паліт., эканам. і духоўнай улады. У тэарэт. адносінах не мае адзінай, лагічна паслядоўнай канцэпцыі. Асобныя ідэі анархізму існавалі яшчэ ў антычнай філасофіі (Платон, стоікі), атрымалі развіццё ў ідэалогіі гусізму, творах франц. асветнікаў і асабліва грамадска-паліт. дзеячаў 19 ст.: М.Штырнера, П.Прудона, М.Бакуніна, П.Крапоткіна і інш. Сац.-філас. аснова анархізму — індывідуалізм, суб’ектывізм і валюнтарызм. Анархізм негатыўна ставіцца да дзяржавы як сац. ін-та, замяняе дзяржаву абшчынай, у якой рэалізуецца свабода асобы. Як грамадска-паліт. плынь аформіўся ў 1840—70-я г. ў Зах. Еўропе. У Расіі ідэі анархізму ўспрынялі народнікі (гл. Народніцтва). У пач. 20 ст. анархізм атрымаў новае развіццё. У 1903—05 на Беларусі групоўкі анархістаў існавалі ў Баранавічах, Брэсце, Гродне і інш., у 1917—20 — у Віцебску, Гомелі, Мінску. Іх дзейнасці ўласцівы рэв. нецярпімасць, авантурызм, хістанні ад супрацоўніцтва з Саветамі да антысав. выступленняў. Пасля 2-й сусв. вайны анархізм выступае пераважна ў форме неаанархізму (анарха-сіндыкалізм, анарха-калектывізм, анарха-камунізм, трацкізм, мааізм і г.д.). Дзейнасць анархістаў праявілася ў гады грамадзянскай вайны (гл. Махно). Ідэі анархізму ўплываюць на погляды «новых левых», «зялёных», «левых радыкалаў», прыхільнікаў альтэрнатыўных рухаў і інш.

Т.І.Адула.

т. 1, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)