Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АМЕНАРЭ́Я

(ад а... + грэч. mēn месяц + rheō цяку),

адсутнасць менструацый на працягу 6 і больш месяцаў у палаваспелых жанчын (ад 15—16 да 45 гадоў). Абумоўлена недастатковасцю гармонаў, якія дзейнічаюць на палавыя органы жанчыны, або неўспрымальнасцю палавых органаў да гармонаў. Фізіялагічная аменарэя назіраецца да палавой спеласці, у перыяд цяжарнасці, лактацыі і ў клімактэрычны перыяд. Пры несапраўднай аменарэі менструальны цыкл нармальны, але кроў не выходзіць вонкі з прычыны заган развіцця палавых органаў (адсутнасць похвы або шыйкі маткі, адтуліны ў дзявоцкай пляве і інш.). Пры сапраўднай паталагічнай аменарэі адсутнічаюць цыклічныя змены ў палавых органах, фізіял. працэсы выспявання фалікулаў і яйцаклеткі, што выклікае бясплоднасць; парушана функц. сістэма рэгуляцыі менструальнай і ў цэлым генератыўнай функцыі жанчыны (гіпаталамус—гіпофіз—перыферычныя залозы—палавыя органы). Адрозніваюць аменарэю паталагічную першасную (менструацыі не было ні разу ў жыцці), абумоўленую паталогіяй выспявання яечнікаў, наднырачнікаў, шчытападобнай залозы, маткі, а таксама гіпаталама-гіпафізарнай вобласці і вышэйшых аддзелаў ц. н. с. Развіваецца пры ўздзеянні неспрыяльных фактараў на арганізм жанчыны ў перыяд унутрывантробнага развіцця і адразу пасля родаў. Аменарэя паталагічная другасная (менструацыя была хоць адзін раз) звязана таксама з захворваннямі органаў — звёнаў рэгуляцыі менструальнай функцыі ў выніку запаленчых, функцыян., арган. (пухліны) пашкоджанняў, нервова-псіхічных стрэсаў і інш. у перыяд палавой сталасці. Папярэднічае хваробе гіпаменструальны сіндром: менструацыі (пасля нармальных) рэдкія, кароткія, з мізэрным крывацёкам. Для лячэння неабходна спец. абследаванне.

І.І.Дуда.

т. 1, с. 311

АМЕНЕМХЕ́Т I,

егіпецкі фараон [каля 1991—1962 да н.э.]. Заснавальнік XII дынастыі (Сярэдняе царства). Вёў барацьбу за аслабленне ўлады мясц. правіцеляў-манархаў, здзейсніў паход у Палесціну, у вайне з лівійцамі заваяваў вобласць Вават. Загінуў у час палацавага перавароту. Захавалася «Павучанне» Аменехета І яго сыну Сенусерту І.

т. 1, с. 311

АМЕНЕМХЕ́Т II,

егіпецкі фараон [каля 1929 — каля 1892 да н.э.] эпохі Сярэдняга царства (XII дынастыя). Пры ім умацаваліся эканам. сувязі Егіпта з суседнімі краінамі. Прадаўжаў палітыку ваен. і эканам. пранікнення ў краіны Куш (тэр. сучаснага Судана і ч. Егіпта) і ў Пунт (Усх. Афрыка). Паводле Манефона, загінуў у выніку палацавага перавароту.

т. 1, с. 312

АМЕНЕМХЕ́Т III,

егіпецкі фараон [каля 1844—1797 да н.э.] эпохі Сярэдняга царства (XII дынастыя). Пры ім інтэнсіўна будаваліся храмы, былі расшыраны медныя руднікі на Сінайскім п-ве, у выніку ірыгацыйных работ у Фаюмскім аазісе створана штучнае Мерыдава воз., узведзены вял. будынак у Фаюме, названы грэкамі Лабірынтам (прыраўноўваўся да сямі дзівосаў свету), 2 піраміды. Праўленне Аменемхета III — перыяд т.зв. другога росквіту Егіпта.

т. 1, с. 312

АМЕНСАЛІ́ЗМ

(ад а... + лац. mensa стол, трапеза),

форма ўзаемадзеяння паміж папуляцыямі (арганізмамі), калі адна з іх адмоўна ўздзейнічае на другую без карысці для сябе і без адмоўнага ўплыву з боку той, на якую ўздзейнічае. Назіраецца, напр., паміж плесневымі грыбамі, што прадуцыруюць антыбіётыкі, і бактэрыямі, жыццядзейнасць якіх пры гэтым прыгнечваецца або істотна абмяжоўваецца; паміж драпежнікамі і птушкамі, якія іх суправаджаюць і здольныя наклікаць на іх ворага або ўскладніць паляванне. Гл. таксама Каменсалізм, Паразітызм.

т. 1, с. 312

АМ’Е́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1918,

наступальная аперацыя англа-французскіх войскаў 8—13 жніўня супраць германскіх армій у 1-ю сусв. вайну. Праведзена з мэтай ліквідацыі Ам’енскага выступу і аховы ад арт. абстрэлу чыг. Парыж—Кале. На ўчастку прарыву (76 км) былі сканцэнтраваны гал. сілы і сродкі 4-й англ., 1-й і 3-й франц. армій, больш за 500 танкаў і самалётаў супраць 2-й і ч. войскаў 18-й герм. армій. Ням. войскі з вял. стратамі былі адкінуты. Ам’енская аперацыя стала пачаткам агульнага паражэння Германіі, якая ў ліст. 1918 вымушана была капітуляваць.

т. 1, с. 312

АМ’Е́НСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1802.

Падпісаны паміж Францыяй і яе саюзнікамі (Іспаніяй і Батаўскай рэспублікай) з аднаго боку і Англіяй — з другога 27.3.1802 у г. Ам’ен (Францыя). Завяршыў распад 2-й антыфранц. кааліцыі. Паводле яго Англія абавязвалася вярнуць Францыі і яе саюзнікам захопленыя ў іх калоніі (акрамя а-воў Цэйлон і Трынідад) і ачысціць ад сваіх войскаў в-аў Мальта, Францыя — вывесці войскі з Рыма, Неапаля і в-ва Эльба. Егіпет быў вернуты Турцыі. 13.5.1802 да дагавора далучылася Турцыя. Ам’енскі мірны дагавор стаў кароткай перадышкай у англафранц. барацьбе за сусв. панаванне. Разарваны з прычыны адмовы Англіі вызваліць в-аў Мальта. 22.5.1803 ваенныя дзеянні аднавіліся.

т. 1, с. 312

АМ’Е́НСКІ САБО́Р,

сабор Нотр-Дам, помнік гатычнай архітэктуры; адзін з буйнейшых гатычных сабораў у Еўропе. Пабудаваны ў г. Ам’ен (Францыя) у 1220—88 паводле плана Рабера з Люзарша пры ўдзеле Тома і Рэно з Кармона. 3-нефавая базіліка з 3-нефавым трансептам, з 3 галерэямі і 2 вежамі. Даўж. гал. нефа 143 м, выш. 42,5 м. Бакавыя капэлы дабудоўваліся ў 1292—1376, драўляны шпіль над сяродкрыжжам — пасля 1528. Гатычная скульптура парталаў — 13—14 ст., у т. л. знакамітыя статуі «Міласцівы Бог» і «Залатая Багародзіца». У інтэр’еры скульптура 13—17 ст., вітражы 13—14 ст.

т. 1, с. 312

АМЕНХАТЭ́П МАЛО́ДШЫ,

Аменхатэп, сын Хапу (каля 1460, Атрыбіс, Ніжні Егіпет — каля 1380 да н.э.), старажытнаегіпецкі архітэктар, быў на ваен. і дзярж. службе. Дарадца Аменхатэпа III, настаўнік малалетняга Аменхатэпа IV. Пабудаваў храм бога Амона-Ра ў Луксоры (разам з арх. братамі Горы і Суці), храмы ў Салебе і Седэінгу, грандыёзныя помнікі ў Карнаку — храм бога Хансу, храм багіні Мут, алею сфінксаў паміж Луксорам і Карнакам (захаваліся калосы Мемнана). Недалёка ад храма Тутмоса II узведзены храм у гонар Аменхатэпа Малодшага.

Літ.:

Жак К. Египет великих фараонов: История и легенда: Пер. с фр. М., 1992. С. 182—183.

т. 1, с. 312

АМЕНХАТЭ́П III,

егіпецкі фараон [1417—1379 да н.э.] эпохі Новага царства (XVIII дынастыя). На пачатку яго праўлення Егіпет дасягнуў найб. ваен. магутнасці сярод дзяржаў Усх. Міжземнамор’я, пашырыў тэр. ад вярхоўя Еўфрата на Пн да 4-га парога Ніла на Пд. Пры ім пабудаваны храм Амона-Ра ў Луксоры і надмагільны храм Аменхатэпа III з вялізнымі статуямі цара — «калосамі Мемнана». У апошнія гады праўлення Аменхатэпа III унутр. супярэчнасці і націск хетаў аслабілі краіну.

т. 1, с. 312