АМЕНАРЭ́Я

(ад а... + грэч. mēn месяц + rheō цяку),

адсутнасць менструацый на працягу 6 і больш месяцаў у палаваспелых жанчын (ад 15—16 да 45 гадоў). Абумоўлена недастатковасцю гармонаў, якія дзейнічаюць на палавыя органы жанчыны, або неўспрымальнасцю палавых органаў да гармонаў. Фізіялагічная аменарэя назіраецца да палавой спеласці, у перыяд цяжарнасці, лактацыі і ў клімактэрычны перыяд. Пры несапраўднай аменарэі менструальны цыкл нармальны, але кроў не выходзіць вонкі з прычыны заган развіцця палавых органаў (адсутнасць похвы або шыйкі маткі, адтуліны ў дзявоцкай пляве і інш.). Пры сапраўднай паталагічнай аменарэі адсутнічаюць цыклічныя змены ў палавых органах, фізіял. працэсы выспявання фалікулаў і яйцаклеткі, што выклікае бясплоднасць; парушана функц. сістэма рэгуляцыі менструальнай і ў цэлым генератыўнай функцыі жанчыны (гіпаталамус—гіпофіз—перыферычныя залозы—палавыя органы). Адрозніваюць аменарэю паталагічную першасную (менструацыі не было ні разу ў жыцці), абумоўленую паталогіяй выспявання яечнікаў, наднырачнікаў, шчытападобнай залозы, маткі, а таксама гіпаталама-гіпафізарнай вобласці і вышэйшых аддзелаў ц. н. с. Развіваецца пры ўздзеянні неспрыяльных фактараў на арганізм жанчыны ў перыяд унутрывантробнага развіцця і адразу пасля родаў. Аменарэя паталагічная другасная (менструацыя была хоць адзін раз) звязана таксама з захворваннямі органаў — звёнаў рэгуляцыі менструальнай функцыі ў выніку запаленчых, функцыян., арган. (пухліны) пашкоджанняў, нервова-псіхічных стрэсаў і інш. у перыяд палавой сталасці. Папярэднічае хваробе гіпаменструальны сіндром: менструацыі (пасля нармальных) рэдкія, кароткія, з мізэрным крывацёкам. Для лячэння неабходна спец. абследаванне.

І.І.Дуда.

т. 1, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)