Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адляце́цца, ‑ляціцца; зак.

1. Летучы, перамясціцца, аддаліцца на пэўную адлегласць. [Бацька:] — [Каршачок] адляціцца ад нас далёка наперад і сядзе на тэлеграфны слуп. Чорны.

2. Адскочыць, адкінуцца ад моцнага ўдару, штуршка.

адляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; ‑ляцім, ‑ляціце; зак.

1. Летучы, перамясціцца, аддаліцца ад каго‑, чаго‑н. на пэўную адлегласць. Дзяцел толькі глянуў скоса, адляцеў за пару сосен і пачаў «тук-тук» нанова. Вось і ўся яго размова! Дубоўка.

2. Вылецеўшы, пакінуць якое‑н. месца; паляцець. Самалёты адбамбіліся і адляцелі на захад. Сабаленка. Калі Аляшкевіч расказаў пра старое вялізнае гняздо чорных буслоў і пра тое, што яны яшчэ не адляцелі, а ўжо надышоў кастрычнік, я яму не паверыў. Самусенка. // перан. Мінуць, адысці, знікнуць (пра час, мары, надзеі і пад.). Праходзіў час, плылі нядзелі, Далёка бежанства, шпіталь, І дні дзяцінства адляцелі Кудысь у выцвіўшую даль. Колас. Мы даўно не тыя, — адляцелі, нібы сны, мары маладыя. А. Вольскі.

3. Адскочыць, адкінуцца ўбок ад моцнага ўдару, штуршка. [Хлапчук:] — Ды каб я крутнуўся, яны [дзяўчынкі] на дзесяць крокаў адляцелі б. Рунец.

4. Разм. Адарвацца, зваліцца, адпасці (пра што‑н. прымацаванае). Раптам адляцела кола, пакацілася з дарогі. Вось схілілася дадолу, чырканула, як парогам. Дубоўка. Лісты ў спякоту не жаўцелі — Згарнуліся ў колер свой І адляцелі без надзеі На кроплю праўды дажджавой. Пысін.

адмабілізава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адмабілізаваць.

адмабілізава́цца, ‑зуецца; зак.

Перайсці з мірнага стану ў стан гатоўнасці да ваенных дзеянняў; закончыць мабілізацыю сваіх сіл. Мястэчка.. поўнасцю адмабілізавалася, паслаўшы мужчын прызыўнога ўзросту на зборныя пункты. Навуменка.

адмабілізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак., што.

Перавесці з мірнага стану ў стан гатоўнасці да ваенных дзеянняў; закончыць мабілізацыю. Адмабілізаваць армію.

адмабілізо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адмабілізаваць.

адмайстрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.

Зрабіць што‑н. з асаблівым стараннем; выштукаваць. Гусаку старому, каб хадзіў ля дому, Адмайструю танкі На крывыя лапкі. Шушкевіч.

адмака́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. адмакаць — адмокнуць.

адмака́ць, ‑ае.

Незак. да адмокнуць.

адмакрэ́ць, ‑эе; зак.

Праняцца вадой, зрабіцца мокрым. Сонца прыгравала з кожным днём усё мацней і мацней, адмакрэлі і пацямнелі лагчыны, першыя праталіны зачарнеліся на палях. Лынькоў.