адляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; ‑ляцім, ‑ляціце; зак.
1. Летучы, перамясціцца, аддаліцца ад каго‑, чаго‑н. на пэўную адлегласць. Дзяцел толькі глянуў скоса, адляцеў за пару сосен і пачаў «тук-тук» нанова. Вось і ўся яго размова! Дубоўка.
2. Вылецеўшы, пакінуць якое‑н. месца; паляцець. Самалёты адбамбіліся і адляцелі на захад. Сабаленка. Калі Аляшкевіч расказаў пра старое вялізнае гняздо чорных буслоў і пра тое, што яны яшчэ не адляцелі, а ўжо надышоў кастрычнік, я яму не паверыў. Самусенка. // перан. Мінуць, адысці, знікнуць (пра час, мары, надзеі і пад.). Праходзіў час, плылі нядзелі, Далёка бежанства, шпіталь, І дні дзяцінства адляцелі Кудысь у выцвіўшую даль. Колас. Мы даўно не тыя, — адляцелі, нібы сны, мары маладыя. А. Вольскі.
3. Адскочыць, адкінуцца ўбок ад моцнага ўдару, штуршка. [Хлапчук:] — Ды каб я крутнуўся, яны [дзяўчынкі] на дзесяць крокаў адляцелі б. Рунец.
4. Разм. Адарвацца, зваліцца, адпасці (пра што‑н. прымацаванае). Раптам адляцела кола, пакацілася з дарогі. Вось схілілася дадолу, чырканула, як парогам. Дубоўка. Лісты ў спякоту не жаўцелі — Згарнуліся ў колер свой І адляцелі без надзеі На кроплю праўды дажджавой. Пысін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)