Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

абліцо́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. абліцоўваць — абліцаваць.

2. Слой будаўнічага матэрыялу, які пакрывае паверхню асноўнага матэрыялу (для трываласці і прыгажосці). Светлая абліцоўка надавала.. [дому] лёгкасць, у гэты дом хацелася зайсці. Шахавец. // Матэрыял, якім абліцоўваюць. Керамічная абліцоўка.

абліцо́ўшчык, ‑а, м.

Рабочы, які абліцоўвае што‑н.

абліцо́ўшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да абліцоўшчык.

аблі́цца, абальюся, абальешся, абальецца; абальёмся, абальяцеся і абліюся, абліешся, абліецца; абліёмся, абліяцеся; заг. абліся; зак.

1. Абліць сябе чым‑н. Абліцца халоднай вадой. Абліцца чарнілам.

2. перан. Ахапіцца, напоўніцца (святлом, пахамі, адчуваннямі і пад.). — Тут я заўважыў, што неба за лесам аблілося зарывам. Чорны. Нейкім салодкім цяплом на хвіліну аблілося сэрца. Чарнышэвіч.

•••

Абліцца (халодным, сцюдзёным) потам — ад страху, перапалоху пакрыцца потам. Праз хвіліну.. [Сотнікаў] засопся, абліўся сцюдзёным потам і спыніў свае намаганні. Быкаў.

Абліцца слязьмі — горка заплакаць. Засвяці ж ты, вясна, Сваім бляскам для нас Засвяці, калі мы Абліёмся слязьмі. Купала.

аблі́ць, абалью, абальеш, абалье; абальём, абальяце і аблію, абліеш, абліе; абліём, абліяце; заг. аблі; зак., каго-што.

1. Намачыць, разліўшы што‑н. Абліць настольнік чарнілам. // Абдаць, паліць чым‑н. з усіх бакоў ці зверху. [Барташэвіч:] — З мяне ў снег сцякала вада і валіла пара, быццам маю вопратку абліў хто варам. Карпюк.

2. перан. Ахапіць, абдаць, напоўніць (святлом, пахам і пад.). Гарачае сонца прыветна пазірала, з неба на горад і роўна грэла і аблівала сваім цяплом і святлом. Колас.

•••

Абліць памыямі (граззю) — незаслужана зняважыць, абняславіць каго‑н.

Як халоднай вадой абліць — збянтэжыць, астудзіць чый‑н. запал.

аблі́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад аблічыць.

аблі́чванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. аблічваць — аблічыць.

аблі́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да аблічыцца.

2. Зал. да аблічваць.

аблі́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да аблічыць.

аблі́чча, ‑а, н.

1. Твар; рысы, выраз твару. Пазнаць па абліччы. Суровае аблічча. □ З галавы ні на хвіліну не выходзіла аблічча маладой дзяўчыны. Колас. Штурхаючыся, збіваючы людзей з ног, Толя бегаў.. ўзад і ўперад, выглядаючы знаёмае аблічча. Якімовіч. // Вонкавы выгляд каго‑н. Вонкавае аблічча. Дзіўна, наколькі яго [зубра] аблічча гарманіравала з навакольным лясным пейзажам. В. Вольскі. Усё.. аблічча [дзяўчыны] выдавала яе ўсходняе паходжанне. Васілевіч.

2. Агульны вонкавы выгляд, сукупнасць адметных рыс, характэрных чаму‑н. Суровае ваеннае аблічча сталіцы. Пераўтварыць аблічча зямлі. □ Камуністы аблічча краіны змяняюць, Упрыгожваюць гарадамі, садамі, Небывалыя ў полі расцяць ураджаі, Азараюць зямлю залатымі агнямі. Танк. Сціраецца аблічча старой вёскі. Дуброўскі.

3. перан. Індывідуальнасць, унутраны змест каго‑, чаго‑н.; духоўны склад, характар. Маральнае аблічча савецкага чалавека. Творчае аблічча пісьменніка. Нацыянальнае аблічча літаратуры. □ Замаскіраваны вораг умеў схаваць сваё аблічча за гучным словам, за бездакорнымі паводзінамі ў побыце. Няхай.