абле́жвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да абляжацца.
абле́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да абляжаць.
абле́злы, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Той (такі), у каго (у якім) вылезла шэрсць, поўсць. Сухарлявы конь а аблезлай ад мулкага хамута шыяй ледзь мог цягнуць плуг. Каваль. // Які пачаў мяняць скуру. Аблезлы нос.
2. Які выліняў, змяніў колер, выцвіў. На.. [Шурку] была аблезлая блакітная саколка і падкасаныя вышэй калена няпэўнага колеру картовыя штаны. Васілевіч.
3. З абдзёртым верхнім слоем; аблуплены; выцерты. Аблезлы дом. □ Холадам веяла і жудасцю ад аблезлых высокіх сцен. Галавач. Тады [Яўхім] імчаўся ў гумно, дзе стаяла аблезлая малатарня, афарбаваная калісьці ў сіні колер. Чарнышэвіч.
4. перан. Непрыгожы, неахайны, плюгавы. У такія хвіліны Косцю хацелася схапіць гэтую аблезлую малпу [Іваноўскага] і задушыць уласнымі рукамі. Новікаў.
абле́зці, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; зак.
Разм.
1. Страціць валасы, поўсць, пер’е. Аблез [Ігнат].., чэрап свеціцца голы. Мележ. // Выпасці, вылезці (пра валасы, поўсць). — Адна [жонка] свайму ж гаспадару чыгун кіпню на галаву выліла. Добра, што вада ўжо трохі выйшла парай, дык валасы ў чалавека аблезлі, скура за вушамі спяклася, а сам жыў астаўся. Кулакоўскі.
2. Страціць першапачатковую афарбоўку, выліняць, выцвісці. [Млынар Шэлегу:] — Калі можна, дарагі, то я яшчэ пару баначак фарбы прыхвачу. Аканіцы зусім аблезлі. Навуменка.
3. Змяніць скуру, абгарэўшы на сонцы. [Стафанковіч:] — Гэта ж трэба мець нечалавечую галаву, каб выседзець у гэтакай пякельнай моцы, як у яго там скура, разам з валасамі, не аблезе?.. Чорны.
4. Страціць верхні слой; аблупіцца; выцерціся. Бур’ян быў і на самім папялішчы — зялёны, густы, ён падыходзіў аж да печы, якая аблезла, завалілася ад дажджоў і снегу зусім. Сачанка.
абленава́цца, ‑лянуюся, ‑лянуешся, ‑лянуецца; зак.
Разм. Стаць лянівым, прывыкнуць ленавацца. [Патржанецкі:] — Я бачу, што вам страшна крануцца з месца, што вы абленаваліся, што вам шкада вось гэтай утульнасці, вы баіцеся страціць яе. Чарнышэвіч.
абле́плены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад абляпіць.
абле́пліванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. аблепліваць — абляпіць.
абле́плівацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да абляпіцца.
2. Зал. да аблепліваць.
абле́пліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да абляпіць.
абле́сены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад аблясіць.