аблвыканко́м, ‑а, м.
Абласны выканаўчы камітэт.
абле́глы, ‑ая, ‑ае.
1. Які аблёг, ушчыльніўся, набыў трывалую паверхню. [Магіла] была агароджана, і.. [Завішнюк], абапёршыся на агароджу, доўга глядзеў на аблеглы жоўты пясок, які ўжо зарос травой-сіўцом і верасам. Пташнікаў.
2. Які перастаў трывожыць, рупіць; супакоены, аціхлы. [Турка] поўнілі перажытыя і яшчэ не аблеглыя пачуцці. Быкаў.
абле́гчаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад аблягчыць.
абле́гчы, ‑лягу, ‑ляжаш, ‑ляжа; ляжам, ‑ляжаце, ‑лягуць; пр. ‑лёг, ‑легла і ‑лягла, ‑лягло; зак.
1. што. Шчыльна прылегчы да чаго‑н. з усіх бакоў. Валасы пасмамі абляглі шыю. // Пакрыць, ахінуць, абвалачы. Хмары абляглі неба. □ А дождж аблёг надоўга. Брыль.
2. без дап. Апусціцца, панікнуць, абвянуць. Трава аблягла. □ Як скрануў правую нагу [Сідар], яна страшна забалела, і тады ўскрыкнуў нечакана для сябе, зноў аблёг. Галавач. // Апасці, аціхнуць (пра шум, гукі і пад.). А прыйдзе ноч — абляжа віск асок і пад рукой вільготнаю — пясок. Хадыка.
3. без дап. Злегчы, захварэць. Ногі пераступаюць, а я драмлю. Не, не драмлю, гэта стаіць тлум у галаве, проста мне нядобрыцца. Калі б яшчэ трохі прайшлі, я зусім бы аблёг. С. Александровіч.
4. што. Акружыць, асадзіць. Абышла арда і Тураў, аблягла яго навокал. Дубоўка.
абле́гчыся, ‑ляжацца; зак.
Разм.
1. Абаперціся, усперціся. Ён [Ткачук] грузна аблёгся на наш хісткі столік, добра зацягнуўся цыгарэтай. Быкаў.
2. Прыйсці да звычайнага стану рэчаў; уладкавацца. І прыйшлі дамоў з такім пачуццём, нібы ўсё ўжо больш-менш добра, усё сяк-так абляглося, стала на сваё месца. Гарэцкі.
абледзяне́лы, ‑ая, ‑ае.
Пакрыты лёдам. Агні па-незвычайнаму іскрыліся за абледзянелымі шыбамі акна. Галавач. Панура абвіслі да самай зямлі абледзянелыя галінкі. Шамякін.
абледзяне́нне, ‑я, н.
Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. абледзянець.
•••
Абледзяненне Зямлі — значнае пашырэнне плошчы мацерыковага лёду прыпалярных і горных абласцей.
абледзяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Пакрыцца лёдам. Дарогі абледзянелі. □ За ноч зямля падшэрхла, дубцы прырэчных кустоў абледзянелі і шаргацелі, як драцяныя. Грахоўскі. — Бывала, прасячэш палонку, загаціш ад глыбокага, лазіш, лазіш рукамі па вадзе, абледзянееш увесь, ды ніводнай рыбіны не зловіш. Кулакоўскі.
абле́жаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад абляжаць.