адміралце́йства, ‑а, н.
1. У царскай Расіі і ў Англіі — міністэрства ваенна-марскога флоту; марское ведамства.
2. Уст. Раён порта, дзе размешчаны верфі, майстэрні і склады для пабудовы, рамонту і абсталявання ваенных караблёў.
адміра́льскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да адмірала. Адміральскі сцяг. Адміральскі загад.
адміра́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. адміраць — адмерці.
адмо́ва, ‑ы, ж.
Тое, што і адмаўленне (у 1 знач.). Таццяна не знаходзіла сабе месца. Адмова Лясніцкага ўзяць яе на гэту аперацыю, у якой прымала ўдзел уся брыгада, пакрыўдзіла і ўсхвалявала яе. Шамякін. К твайму аконцу каля ганка Падходзіць варажыць цыганка. І, чуючы твае адмовы, Шыпіць пракляцця злыя словы. Багдановіч.
адмо́віцца, ‑моўлюся, ‑мовішся, ‑мовіцца; заг. адмоўся; зак.
1. Не згадзіцца рабіць што‑н.; выказаць сваю нязгоду займацца чым‑н. Пасля сканчэння акадэміі Зіну і Ніну хацелі пакінуць у аспірантуры, але яны катэгарычна адмовіліся. Гурскі. Дзед Талаш і Нупрэй мелі ўсе падставы адмовіцца на сённяшні дзень ад разведкі мястэчка. Колас. // Не прыняць чаго‑н., адхіліць. Адмовіцца ад падарунка. □ [Дзед:] — А пра вас, малых, дык і гаварыць няма чаго, — ад салодкага вы ніколі не адмовіцеся. Рылько.
2. Парваць сувязі з роднымі, блізкімі; адрачыся. Але Паддубны не можа адмовіцца ад Ганны, адштурхнуць яе ад сябе, панесці цяжкую рану гэтаму блізкаму і дарагому чалавеку. Хромчанка.
3. Не прызнаць за сваё, не пацвердзіць чаго‑н. Адмовіцца ад сваіх абяцанняў. Адмовіцца ад подпісу. // Перастаць трымацца чаго‑н.; адступіцца ад чаго‑н. Адмовіцца ад веры. Адмовіцца ад сваіх поглядаў.
адмо́віць, ‑моўлю, ‑мовіш, ‑мовіць; заг. адмоў; зак.
1. Не задаволіць чыёй‑н. просьбы, патрабавання; не згадзіцца даць што‑н., каму‑н. У Валодзі многа, вельмі многа сяброў-прыяцеляў, якім ён дапамагае, і яны яму ні ў чым не адмовяць. Вішнеўскі. // Абмежаваць у чым‑н., пазбавіць чаго‑н. Адмовіць сабе ва ўсім неабходным.
2. Не даць згоды на шлюб. Вера прыйшла.. з намерам адмовіць сватам, як раіла маці, з павагаю, не трацячы сваёй годнасці. Дуброўскі.
адмо́клы, ‑ая, ‑ае.
1. Які зрабіўся мяккім ад вільгаці, адсырэў, намок.
2. Які загінуў ад лішку вільгаці (пра расліны). [Жанчына], сагнуўшыся ледзь не да самай зямлі, нешта перакопвала жалезняком — як пасля даведаліся, адмоклы лён. Сачанка.
3. Які сапсаваўся, расклеіўся ад вільгаці.
адмо́кнуць, ‑не; пр. адмок, ‑ла; зак.
1. Зрабіцца мяккім ад вільгаці; адсырэць, намокнуць. У цёплай вадзе лыка вельмі хутка адмокла.
2. Загінуць ад лішку вільгаці, вымакнуць (пра расліны). У нізіне жыта адмокла.
3. Намокшы, адстаць, аддзяліцца.
адмо́лены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад адмаліць.