адмо́віцца, ‑моўлюся, ‑мовішся, ‑мовіцца; заг. адмоўся; зак.

1. Не згадзіцца рабіць што‑н.; выказаць сваю нязгоду займацца чым‑н. Пасля сканчэння акадэміі Зіну і Ніну хацелі пакінуць у аспірантуры, але яны катэгарычна адмовіліся. Гурскі. Дзед Талаш і Нупрэй мелі ўсе падставы адмовіцца на сённяшні дзень ад разведкі мястэчка. Колас. // Не прыняць чаго‑н., адхіліць. Адмовіцца ад падарунка. □ [Дзед:] — А пра вас, малых, дык і гаварыць няма чаго, — ад салодкага вы ніколі не адмовіцеся. Рылько.

2. Парваць сувязі з роднымі, блізкімі; адрачыся. Але Паддубны не можа адмовіцца ад Ганны, адштурхнуць яе ад сябе, панесці цяжкую рану гэтаму блізкаму і дарагому чалавеку. Хромчанка.

3. Не прызнаць за сваё, не пацвердзіць чаго‑н. Адмовіцца ад сваіх абяцанняў. Адмовіцца ад подпісу. // Перастаць трымацца чаго‑н.; адступіцца ад чаго‑н. Адмовіцца ад веры. Адмовіцца ад сваіх поглядаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)