Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

абмежава́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. абмежаваць, абмежавацца.

2. Тое, што стрымлівае, ставіць каго‑, што‑н. у пэўныя рамкі. Яшчэ было многа усялякіх абмежаванняў, правіл, якія нельга было парушаць. Мікуліч.

абмежава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад абмежаваць.

2. у знач. прым. Невялікі, нязначны. Паміж бязмежным імкненнем да расшырэння вытворчасці, уласцівым капіталізму, і абмежаваным спажываннем народных мас (абмежаваным у выніку іх пралетарскага становішча) ёсць несумненная супярэчнасць. Ленін.

3. перан.; у знач. прым. Духоўна неразвіты, адсталы, недалёкі. Тупым і абмежаваным паліцэйскім Я. Колас проціпастаўляе прадстаўнікоў простага народу. Пшыркоў.

•••

Абмежаваная манархія гл. манархія.

абмежава́цца, ‑мяжуюся, ‑мяжуешся, ‑мяжуецца; зак.

Звесці сваё дзеянне або дзейнасць да пэўнага кола пытанняў. Галынскі гэтую ўсмешку адгадаў, але абмежаваўся тым, што падзякаваў Пілацееву за тлумачэнне ягоных палітычных перакананняў. Галавач. // Задаволіцца пры вырашэнні якога‑н. пытання чым‑н. нязначным. [Хруст:] — Як бачыце, вінаваты чыстасардэчна прызнаўся ва ўсім. Таму прапануецца абмежавацца папярэджаннем. Пянкрат.

абмежава́ць, ‑мяжую, ‑мяжуеш, ‑мяжуе; зак., каго-што.

1. Паставіць у пэўныя рамкі, межы; звузіць чыю‑н. сферу дзейнасці. Размову з Лемяшэвічам [Жураўскі] абмежаваў тым, што спытаў пра жыццё і папрасіў перадаць прывітанне Касцянкам. Шамякін.

2. Вызначыць мяжу, граніцу якога‑н. участка зямлі. // З’явіцца мяжой, граніцай чаго‑н.

абме́жак, ‑жка, м.

Тое, што і узмежак. Ускапаць абмежкі.

абме́н, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. абменьваць — абмяняць і абменьвацца — абмяняцца.

2. Спец. Адна з форм вытворчых адносін, якая заключаецца ва ўзаемным адчужэнні прадуктаў працы і іншых аб’ектаў уласнасці на аснове добраахвотнага пагаднення.

•••

Абмен рэчываў — сукупнасць працэсаў, звязаных з ператварэннем рэчываў у жывых арганізмах у іх узаемадзеянні з навакольным асяроддзем.

абме́нены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад абмяняць.

абме́нны, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з абменам. Абменныя аперацыі. // Прызначаны для абмену. Абменны фонд. Абменны пункт.

абме́ньвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да абмяняцца.

2. Зал. да абменьваць.

абме́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да абмяняць.