абве́яны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад абвеяць.
абве́яць, ‑вее; зак., каго-што.
Абадзьмуць, абдаць паветранай плынню. Прыязджайце, як вецер Паўдзённым дыханнем калоссе абвее. Арочка. Ледзьве прыкметная плынь паветра з паплавоў абвеяла.. [Тамаша] лёгкім холадам. Чорны. // Абарваць, абтрэсці, асыпаць (пра лісце, пялёсткі і пад.). Ты, мой лісточак, Ты, мой зялёны, Ты мяне кідаць будзеш, Ветры павеюць, Цябе абвеюць, Я адна застануся. Глебка. // безас. Пакрыць, абсыпаць чым‑н. Падарожнага абвеяла снегам.
абвіва́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. абвіваць — абвіць (у 1 знач.).
абвіва́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да абвіцца.
абвіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да абвіць.
абві́вачны, ‑ая, ‑ае.
Звязаны з абвіўкай; прызначаны для абвіўкі. Абвівачныя работы. Абвівачная стужка.
абвінава́ўца, ‑ы, Т ‑ам, м.
Асоба, якая падтрымлівае абвінавачванне ў судовым працэсе. Дзяржаўны, грамадскі абвінаваўца. □ Нарэшце ў Галі нібы прарэзаўся гнеўны голас, і яна пачала гаварыць не як сведка, а як абвінаваўца. Сабаленка. // Той, хто выкрывае перад грамадскасцю злачынную сутнасць дзейнасці якой‑н. асобы, сацыяльнай групы або ўкладу жыцця. Абвінаваўца самаўладства.
абвінава́ўчы, ‑ая, ‑ае.
Які змяшчае ў сабе абвінавачанне. Абвінаваўчы акт. Абвінаваўчае заключэнне. □ Для абвінаваўчай прамовы старшыня даў слова пракурору. Колас.
абвінава́ціць, ‑чу, ‑ціш, ‑ціць; заг. абвінаваць.
Зак. да абвінавачваць (у 1 знач.).
абвінава́чанне, ‑я, н.
1. Прызнанне каго‑н. вінаватым у чым‑н. [Галена:] — Я тады набралася гора, пакуль не з’явіўся сам гэты хлопец і не папрасіў зняць абвінавачанне, бо ён памыліўся. Чорны. Адносна Лабановіча пракурор заўважыў, што гэты падсудны, хоць і мала фігуруе ў абвінавачанні, але, як гаворыць народная прыказка, — па абліччы апостал, а па зубах сабака. Колас.
2. Спец. Той бок у судовым працэсе, які абвінавачвае. Сведкі абвінавачання.