абма́цаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад абмацаць.
абма́цаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Пакратаць што‑н., дакрануцца да чаго‑н. Мікіта Мінавіч.. нагнуўся, абмацаў збоку сухую купіну і апусціўся правым каленам на яе. Кулакоўскі. // перан. Уважліва агледзець. [Толя:] — Павер мне, старому газетнаму прайдзісвету.. Я гэту кандыдатуру абмацаў і знізу і зверху. Чыгрынаў.
2. Абшукаць, абшарыць, мацаючы. Дзеці з цікавасцю кінуліся да торбачкі, уважліва абмацалі яе і сумныя адышліся. Якімовіч. // перан. Знайсці, намацаць, выявіць, шукаючы. Знойдзеш-абмацаеш яблыка і ўвап’ешся зубамі ў кіславата-салодкую смакату... Брыль. // перан. Высачыць, выведаць. Тут стрэльбы нашы ў галавах — Пяццю патронамі набіты, Каб не было часамі швах, Калі абмацаюць бандыты. Крапіва.
абма́цванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. абмацваць — абмацаць.
абма́цвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Зал. да абмацваць.
абма́цваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да абмацаць.
абмачы́цца, ‑мачуся, ‑мочышся, ‑мочыцца; зак.
1. Абмачыць на сабе адзенне, абутак; зрабіцца мокрым ад дажджу, мокрага снегу і пад.
2. Спусціць пад сябе мачу (пра дзяцей, хворых).
абмачы́ць, ‑мачу, ‑мочыш, ‑мочыць; зак., каго-што.
Зрабіць мокрым, вільготным, намачыць. Дождж абмачыў сена. □ [Юрка].. пабоўтаў трохі нагамі ў вадзе, абмачыў унізе калошы палатняных портак сваіх і не мог сабраць сваіх думак аж да самай ночы. Чорны. // Зрабіць мокрым, абмакнуўшы ў што‑н. Добра абмачыць касу, пацягнуць яе пад вадой і, падняўшы, глядзець, як.. цячэ ў раку тонкі струмень. Брыль.
абмежава́льнік, ‑а, м.
Спец. Прылада, якая робіць немагчымай работу машыны, устаноўкі за межамі паказаных велічынь. Сашнікі сеялак абсталяваны абмежавальнікамі глыбіні.
абмежава́льны, ‑ая, ‑ае.
Накіраваны на абмежаванне; які прадугледжвае абмежаванне. Абмежавальныя меры.
абмежава́насць, ‑і, ж.
Уласцівасць абмежаванага. Абмежаванасць інтарэсаў. Нацыянальная абмежаванасць.