Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адко́пка, ‑і, ДМ ‑пцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. адкопваць — адкапаць.

адко́рм, ‑у, м.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. адкормліваць — адкарміць.

адко́рмачнік, ‑а, м.

Адкормленая на забой жывёліна; кормнік.

адко́рмачны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для адкорму. Адкормачны пункт.

адко́рмленасць, ‑і, ж.

Стан адкормленага; укормленасць. Ступень адкормленасці жывёлы.

адко́рмлены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адкарміць.

адко́рмліванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. адкормліваць — адкарміць.

адко́рмлівацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да адкарміцца.

2. Зал. да адкормліваць.

адко́рмліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адкарміць.

адко́с 1, ‑у, м.

1. Нахільная паверхня гары, узгорка і пад.; адхон. Трыма крокамі .. [Пархвен] перайшоў схілісты адкос, лёг на зямлю і прыгледзеўся. Чорны. // Бакавая пакатая паверхня дарожнага палатна, насыпу і пад. Берагавы адкос. □ На адкосах дарог густа цвіце блакітны падарожнік. Брыль. [Тры чалавечыя фігуры] падняліся з выемкі, успаўзлі па адкосе на палатно.. і доўга пазіралі ў той бок, дзе за тэлеграфным слупам стаяў з карабінам у руках Грышка. Чарот. Раслі масты, высокія адкосы, і рэйкі струнамі віліся ўдаль. Машара.

2. Спец. Нахільная паверхня, якая ідзе пад вуглом; старана чаго‑н. (якога‑н. будынка, збудавання).

адко́с 2, ‑у, м.

Адработ касьбой за паслугу, пазыку і пад. Ніякі калгас не будзе пазычаць збожжа ў другім калгасе на аджон ці на адкос. Лужанін.