адко́с 1, ‑у, м.

1. Нахільная паверхня гары, узгорка і пад.; адхон. Трыма крокамі .. [Пархвен] перайшоў схілісты адкос, лёг на зямлю і прыгледзеўся. Чорны. // Бакавая пакатая паверхня дарожнага палатна, насыпу і пад. Берагавы адкос. □ На адкосах дарог густа цвіце блакітны падарожнік. Брыль. [Тры чалавечыя фігуры] падняліся з выемкі, успаўзлі па адкосе на палатно.. і доўга пазіралі ў той бок, дзе за тэлеграфным слупам стаяў з карабінам у руках Грышка. Чарот. Раслі масты, высокія адкосы, і рэйкі струнамі віліся ўдаль. Машара.

2. Спец. Нахільная паверхня, якая ідзе пад вуглом; старана чаго‑н. (якога‑н. будынка, збудавання).

адко́с 2, ‑у, м.

Адработ касьбой за паслугу, пазыку і пад. Ніякі калгас не будзе пазычаць збожжа ў другім калгасе на аджон ці на адкос. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)