Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

абялі́ць, абялю, абеліш, абеліць; зак., каго-што.

1. Зрабіць белым.

2. Разм. Зняць скуру з забітай жывёліны. Абяліць барана.

3. перан. Зняць з каго‑н. падазрэнне; даказаць чыю‑н. невінаватасць; апраўдаць. [Сямён Парфёнавіч:] — Хоча абяліць таго, хто сам сябе ачарніў. Шамякін.

абяля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да абяліць (у 3 знач.).

абярну́цца, абярнуся, абернешся, абернецца; зак.

1. Паваліцца на бок, перавярнуцца, перакуліцца. Санкі толькі скрыпелі ды пагрозліва перавальваліся з боку на бок на выбоінах, але абярнуцца, мусіць, не паспявалі. Дамашэвіч. Здалося, што зараз упадзе столь, абернуцца сцены і падушаць людзей, а хата была паўнюткая. Лужанін. // Разліцца, выліцца, высыпацца з перавернутай пасудзіны. Малако абярнулася.

2. Павярнуць галаву, тулава назад, убок; аглянуцца. Антось абярнуўся: перад ім стаялі начальнік міліцыі, дэпутат сельсавета і старшыня калгаса. Скрыпка. Злачынец раптоўна абярнуўся назад і працягнуў руку, у якой быў рэвальвер. Чорны.

3. Звярнуцца з чым‑н. да каго‑н. — Табе куды ехаць? — абярнуўся Рыгор да Ганны на ты і сумеўся. Гартны.

4. Разм. Прайсці шлях у якім‑н. напрамку і вярнуцца назад за які-небудзь адрэзак часу; звярнуцца. Мо паспрабаваць заўтра два разы абярнуцца, ночы ж доўгія... Б. Стральцоў.

5. перан. Змяніцца, ператварыцца ў новую якасць. Ён пазбыў свой цяжкі клопат і яго бацькава гора абярнулася ў радасць: ён знайшоў свайго сына і даручыў яго надзейным людзям. Колас. // Нечакана набыць іншы напрамак, іншы сэнс. Больш таго, гэты падвох абярнуўся супроць саміх паліцаяў. Васілевіч. І чым бліжэй да прахадной, тым больш запаволены і карацейшы становіцца крок.. Апошняя сустрэча... А зрэшты, хіба хто ведае наперад, як усё абернецца... Мыслівец. // У казках і рэлігійных павер’ях — ператварыцца ў каго‑, што‑н. пры дапамозе чараў. Абярнуцца ў камень. □ У народзе ходзяць чуткі, быццам князь Усяслаў умее абярнуцца ў рысь ці ваўка і блукае ўначы па дарогах. В. Вольскі.

6. Спец. Зрабіць абарот (у 3 знач.) (пра капітал, грошы).

абярну́ць, абярну, абернеш, аберне; зак., каго-што.

1. Паваліць на бок або перавярнуць дагары; перакуліць. Абярнуць стол. □ А раніцай — ускруціць цябе шалёны вецер,.. гатовы сцены абярнуць і сячэ, цэдзіць па вокнах буйнымі халоднымі слязьмі. Пташнікаў. // Выліць, вываліць змесціва з пасудзіны і пад., паваліўшы яе на бок. Абярнуць малако. Абярнуць воз бульбы.

2. Павярнуць назад, убок. Абярнуць галаву. □ [Язэп] заснуў на санках падцягнуўшы пад сябе правую [ляйчыну] так моцна, ажно конь галаву абярнуў направа і за ноч вялізны круг вытаптаў у снезе на выгане. Бядуля.

3. Разм. Накіраваць (сродкі і пад.). Работа зробіцца, час пройдзе, а заробленыя грошы.. [Толя Базылькевіч] аберне на заняпалую гаспадарку. Чорны. [Віктар:] — Цяпер я бачу, што ўсё на свеце можна абярнуць на карысць чалавека. Маўр.

4. Прымусіць прыняць іншае аблічча, выгляд; ператварыць, змяніць, перавесці адну якасць у другую. І можа лепш пайсці па згоду, У жарт выпадак абярнуць. Колас. // У казках і рэлігійных павер’ях — ператварыць адну істоту, з’яву або прадмет з дапамогай чараў у іншую. Абярнуць чалавека ў воўка. □ «Абярні, бог, ворагаў маіх за здзекі У каменне нерухомае навекі». Дзяргай.

5. Схіліць да чаго‑н. Абярнуць у сваю веру.

6. Змяніць, прыдаць іншы напрамак (пра абставіны, ход якой‑н. справы). Адпомсцім ворагу мы ў жорсткай барацьбе, Абернем у пільнасць мы жалобу і трывогу. Гурло.

7. Абвергнуць чые‑н. думкі, погляды, перакананні і пад. Антон не хацеў паверыць у гэта [што Букаты не дараваў яму], спадзяваўся, што ўсё яшчэ можа неяк змяніцца, але маўклівая туга ў вачах Букатага абярнула слабую надзею, перакрэсліла яе і адкінула бязлітасна. Савіцкі.

абярэ́мак, ‑мка, м.

1. Такая колькасць чаго‑н., якую можна ўзяць, панесці, абхапіўшы рукамі; бярэмя, ахапак. Бацька штовосень сюды прывозіў з лугу бахматыя вазы зялёнага, духмянага мурагу.., а ўжо мы з дзедам ладавалі, парадкавалі — цягалі віламі і абярэмкамі сена на вышкі. Сачанка.

2. Становішча рук, калі чалавек нясе што‑н. у ахапку. Рыта вярнулася з суседняга пакоя, несучы ў абярэмку пасцель для Пратасевіча. Васілевіч.

абяско́леранне, ‑я, н.

Стан паводле знач. дзеясл. абясколерыцца.

абяско́лераны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад абясколерыць.

абяско́лераць, ‑ае; зак.

Тое, што і абясколерыцца. У чыстым, бясхмарным паднябессі, якое нібыта выцвіла і абясколерала, кружыў коршак. Сачанка.

абяско́лерванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. абясколерваць — абясколерыць.

абяско́лервацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да абясколерыцца.

2. Зал. да абясколерваць.