адказа́цца, ‑кажуся, ‑кажашся, ‑кажацца; заг. адкажыся; зак.
Тое, што і адмовіцца.
адказа́ць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; заг. адкажы; зак.
1. каму, на што і без дап. Сказаць, паведаміць што‑н. у адказ на зварот ці запытанне. Адказаць на пытанне. □ Ну, куды пойдзем? — запытала Зося. — Вядома, што да Ліня, — адказала Гэля. Гартны. // Паслаць адказ на чыё‑н. пісьмо. [Бабуля:] — Ужо мінула два месяцы, а мой [сын] яшчэ не адказаў на пісьмо. Бядуля. // што. Расказаць настаўніку урок.
2. без дап. Адазвацца, адклікнуцца на голас, покліч і пад. Выйшаў з хаты пастушок, І зайграў ён у ражок.. І кароўкі ўміг яму Адказалі: «Му-му-му!..» Журба. Засмяяўся мужчына, на смех якога другі мужчынскі голас таксама весела і моцна адказаў.. па-нямецку. Брыль.
3. чым. Павесці сябе пэўным чынам, выказваючы свае адносіны да чаго‑н.; ужыць якія‑н. захады, дзеянне ў адказ на што‑н. На жарты адказаць жартамі. □ І сумаваць яшчэ так рана.., Калі на шум лясны ў тумане Ўмееш песняй адказаць. Танк. Не адказалі [ворагі] ніводным стрэлам: агонь наш быў трапны. Янкоўскі.
4. за што і без дап. Быць пакараным, панесці адказнасць за каго‑, што‑н. [Каршукоў:] — Ну, ды мне што. Я за сваё адкажу, не баючыся. Ядзі шкада. Сідаронак ёй не даруе. Асіпенка.
5. без дап. Разм. Выйсці са строю, сапсавацца. Тармазы ў машыне адказалі.
адка́звацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да адказацца.
адка́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
1. Незак. да адказаць.
2. Прымаць на сябе адказнасць (у 1 знач.), несці адказнасць за каго‑, што‑н. Адказваць за выкананне вытворчага плана.
•••
Адказваць галавою за каго‑, што‑н. — браць на сябе поўную адказнасць за каго‑, што‑н.
адка́знасць, ‑і, ж.
1. Ускладзены на каго‑н. або ўзяты кім‑н. абавязак; даваць справаздачу пра якія‑н. свае дзеянні і быць гатовым адказваць за іх вынікі. Несці адказнасць. Баяцца адказнасці. Ускласці адказнасць. Браць на сябе адказнасць. Пад асабістую адказнасць. Прыцягнуць да адказнасці. Павысіць адказнасць. Крымінальная адказнасць. Адчуваць цяжар адказнасці.
2. Сур’ёзнасць, важнасць чаго‑н. Адказнасць моманту. Адказнасць даручэння.
•••
Несці адказнасць гл. несці.
адка́зны, ‑ая, ‑ае.
1. Чалавек, на якога ўскладаецца адказнасць; які нясе адказнасць за каго‑, што‑н. Адказны рэдактар. Адказны дзяжурны. / у знач. наз. адка́зны, ‑ага, м.; адка́зная, ‑ай, ж. Адказны за вечар. □ І кім жа яны, і чаму ж яны Так бязлітасна перагружаны? Не адказныя, не начальнікі, А пакутнікі-сумяшчальнікі. Крапіва. Адна з.. [жанчын], самая старэйшая ўзростам, Гарпіна, была вызначана адказнай за даенне і размеркаванне малака. Галавач. // Звязаны з разуменнем важнасці чаго‑н., гатоўнасці адказваць за каго‑, што‑н. Адказныя адносіны да справы.
2. Надзвычай важны, значны. Адказная работа. Адказная задача. Адказнае даручэнне. Адказная роля. Адказная пасада.
адка́зчык, ‑а, м.
1. Асоба, якой прад’яўлены судовы іск. Справа ў судзе разглядаецца пры ўдзеле істца і адказчыка.
2. Разм. Той, хто нясе адказнасць, адказвае за што‑н.
адказыра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Прывітаць па-вайсковаму, прыклаўшы правую руку да казырка. — Камандзір партызанскай брыгады імя Шчорса слухае вас! — хвацка адказыраў Шуст. Шчарбатаў.
адказырну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Прыкласці руку да казырка, аддаючы чэсць. [Дзяўчынка:] — Дзякуй, дзядзя міліцыянер... — Той пачуў, бо павярнуўся, адказырнуў, памахаў рукамі і пайшоў сабе далей. Юрэвіч.