Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

абжы́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць абжытага. І хоць падлога была чыста вымытая, грубка пабеленая, а на вокнах віселі паркалёвыя фіранкі — тут не было той абжытасці, якая стварае ўтульнасць, вабіць адпачыць, крыху забыцца на дзённыя турботы. Хадкевіч.

абжы́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад абжыць.

2. у знач. прым. Асвоены, прыстасаваны для жылля; добраўпарадкаваны. Абжыты дом. □ Вайна зрушыла з абжытых, наседжаных месц дзесяткі, сотні тысяч людзей. Новікаў.

абжы́цца, ‑жывуся, ‑жывешся, ‑жывецца; ‑жывёмся, ‑жывяцеся; зак.

1. Набыць усё неабходнае на новым месцы жыхарства, у новых умовах. Была зямелькі там валока, Дзе можна б моцна і глыбока Пусціць карэнні ў грунт, абжыцца — Было на чым разварушыцца. Колас.

2. Звыкнуцца з новымі ўмовамі жыцця, прывыкнуць да жыцця на новым месцы. Крыху абжыўся Данілка на бойні, але ўсё роўна думка аб вёсцы не давала спакою. Пестрак.

абжы́ць, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; зак., што.

Асвоіць новае месца, зрабіўшы яго ўтульным, прыгодным для жыцця, прыстасаваць пад жыллё. Патрэбна будзе — абжыве Ён [малодшы сын] новую планету! Смагаровіч. Трэба ж даць лад свайму дому, Абжыць неабжыты пустыр. Колас.

абжэ́рціся, ‑жаруся, ‑жарэшся, ‑жарэцца; ‑жаромся, ‑жарацеся; пр. абжорся, ‑жэрлася; зак.

Разм. груб. Аб’есціся. З аўтаматам стаіць на дарозе маёй чужаніца. Ён абжорся нашым дабром. Панчанка.

абза́, ‑ы, ж.

Неабрэзаны край дошкі. Дошка з абзой.

абзаве́сціся, ‑вядуся, ‑вядзешся, ‑вядзецца; ‑вядзёмся, ‑ведзяцеся; пр. абзавёўся, ‑вялася, ‑вялося; заг. абзавядзіся; зак.

Набыць што‑н. неабходнае для жыцця, гаспадаркі і пад. Абзавесціся жывёлай. Абзавесціся мэбляй. // Стварыць што‑н., паклапаціцца аб наяўнасці чаго‑н. Тыя, каго вучыла Сцепаніда Андрэеўна ў пачатку сваёй работы, даўно сталі дарослымі людзьмі, абзавяліся сем’ямі. Шахавец.

абзаво́дак, ‑дку, м.

У выразах: на абзаводак, для абзаводку — на абзавядзенне.

абзаво́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; заг. абзаво́дзься.

Незак. да абзавесціся. Усё трэба будаваць нанава, усім трэба абзаводзіцца з самага пачатку. В. Вольскі.

абзавядзе́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. абзаводзіцца — абзавесціся.