адзіне́ц, ‑нца, м.
Зусім адзін, адзінокі, які адбіўся ад статка (пра жывёл). Зубр-адзінец. // Адзінокі, бессямейны; бабыль. [Агей] адзін цяпер, адзінцом павінен будзе дажываць свой век. Галавач.
адзі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Першы, найменшы цэлы лік, а таксама яго лічбавы знак «1». // толькі мн. (адзі́нкі, ‑нак). Апошняя лічба ў мнагазначных ліках. Двухзначны лік складаецца з адзінак і дзесяткаў.
2. Самая нізкая адзнака паспяховасці ў пяцібальнай сістэме, якая азначае: «вельмі дрэнна».
3. У спалучэнні з назоўнікамі або прыметнікамі азначае велічыню, якая прынята для вымярэння аднародных велічынь. Адзінка вымярэння. Грашовая адзінка. Адзінка даўжыні. Кармавая адзінка. Адзінка паскарэння. Сістэма адзінак.
4. Кожная асобная істота, прадмет, паасобнік. Аддзел рукапісаў сабраў каля 2000 адзінак рукапісных твораў. «Беларусь». // Службовае месца ў штатным раскладзе якой‑н. установы, арганізацыі. Штатная адзінка. Вакантная адзінка. // толькі мн. (адзі́нкі, ‑нак). Мала хто; паасобныя. З вялікай групы экскурсантаў толькі адзінкі дасягнулі вяршыні гары.
5. звычайна з азначэннем. Самастойная частка нечага цэлага. Адміністрацыйная адзінка. Гаспадарчая адзінка. Баявая адзінка.
6. Асобны чалавек; асоба, індывідуум. Гераізм савецкіх людзей — не якасць выключных адзінак, а масавая з’ява, уласцівасць усяго народу.
адзі́нкавасць, ‑і, ж.
Уласцівасць адзінкавага. Адзінкавасць з’яў.
адзі́нкавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які сустракаецца не групай, не ў мностве, а ў выглядзе паасобных адзінак. Адзінкавы выпадак.
2. у знач. наз. адзі́нкавае, ‑ага, н. Філасофская катэгорыя; працэс, з’ява або прадмет з яго ўласцівасцямі і асноўнымі адзнакамі, якія адрозніваюць яго ад іншых працэсаў, з’яў або прадметаў.
адзіно́кі, ‑ая, ‑ае.
1. Які знаходзіцца, размяшчаецца адасоблена ад іншых прадметаў. Люблю сум дзічкі адзінокай, Забытай ў полі пастушкамі. Лойка. Над адзінокім ціхім стогам Дыміцца сіняя імгла. Танк.
2. Які не мае сям’і, сваякоў, блізкіх. Гэй, сустрэнь, любы, Прыгарні, любы, Мяне маладую, Бо ніхто ж мяне, Адзінокую, Не шкадуе. Глебка. Адзінокі лось пазнаў тады, Што з людзьмі карысць яму дружыць. Бялевіч. // Які адчувае сябе чужым сярод людзей, далёкім ад іх. Пракоп адчуў сябе пабітым і адзінокім. Колас. // Не характэрны для пэўных умоў, рэдкі. Адзінокія крокі.
3. Які праходзіць, адбываецца ва ўмовах адзіноты. Адзінокая старасць.
•••
Адзін-адзінокі гл. адзін.
адзіно́та, ‑ы, ДМ ‑ноце, ж.
1. Адасобленасць у выніку страты родных ці блізкіх або ў выніку жадання пабыць (пажыць) асобна ад іншых. Гадзіна адзіноты. Гібець у адзіноце. Не пакінуць у адзіноце. На адзіноце (сам) з сабою. Пабыць (быць) на адзіноце. □ Упершыню ў гэтую хвіліну Максімка адчуў, што яго назаўсёды пакідае трывожны страх сіроцкай адзіноты. Якімовіч. [Яснотка:] — Люблю, ведаеце, адзіноту. А .. тут такі прыгожы лес, што так і цягне мяне. Крапіва.
2. Бязлюднасць, сіратлівасць. Адзінотай і пустэчай Ўсюды веяла з палёў. Колас.
3. Стан адзінокага чалавека як вынік адчужанасці, разрыву з навакольныя асяроддзем; адзіноцтва. Адчуць адзіноту. Пачуццё адзіноты. □ [Наталя] адчувала, што.. памылка яе прывяла да самага страшнага — да адзіноты, калі ты хаваеш сябе ад другіх. Скрыган.
адзіно́цтва, ‑а, н.
Тое, што і адзінота (у 2, 3 знач.).
адзіно́чка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑чцы, Т ‑ай (‑аю); Р мн. ‑чак; ж.
1. Той, хто адзін, без сям’і, не ў пары. Усе настаўніцы і настаўнікі-адзіночкі харчаваліся ў сталовай. Дубоўка. // Той, хто робіць што‑н., займаецца чым‑н. адзін, без удзелу, без дапамогі іншых. Герой-адзіночка. Саматужнік-адзіночка.
2. Тое, што разлічана на аднаго чалавека. Лодка-адзіночка. Пасадзіць у адзіночку.
•••
Маці-адзіночка гл. маці.
адзіночналі́кавы, ‑ая, ‑ае.
У выразе: адзіночналікавы назоўнік — назоўнік, які ўжываецца толькі ў адзіночным ліку, напрыклад: пух, мяса, помста.