Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

абрамля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., што.

1. Разм. Устаўляць у раму, рамку. Абрамляць карціну.

2. перан. Акружаць сабой што‑н., размяшчацца вакол чаго‑н., акружаючы як рамкай. Галаву дзяўчыны прыгожа абрамлялі пышныя валасы каштанавага колеру з залацістым адценнем. Васілёнак.

3. Спец. Уводзіць абрамленне ў мастацкі твор. // Служыць абрамленнем у мастацкім творы. Суровыя эпічныя карціны абрамляюць паэмы і прыдаюць стройнасць кампазіцыі. Шкраба.

абра́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. абраць.

абра́ннік, ‑а, м.

1. Той, хто абраны для выканання якіх‑н. высокіх абавязкаў. Дэпутаты — абраннікі народа. □ Усё гэта нова для нас, і самі мы — абраннікі калектыву — таксама нібы панавелі адразу. Брыль.

2. Уст. Незвычайна здольны, асаблівы чалавек, дзейнасць якога не пад сілу для іншых. Ідэалістычнае ўяўленне пра паэта як абранніка лёсу.

3. Любімы чалавек; каханак. Відаць, што чакае яна [Гандзя] к вечарку свайго Серафіма, абранніка сэрца, Ля самых Баркоў на сваім хутарку. Зарыцкі.

абра́нніца, ‑ы, ж.

Жан. да абраннік.

абра́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад абраць.

2. у знач. прым. Які мае законныя паўнамоцтвы, правы. І вось вам яны, партызаны, І тайны хаўрус, І ён, камандзір ваш абраны, Кандрат Белавус. Колас.

3. у знач. прым. Які да спадобы, пад густ; любімы. Было адно такое абранае месца, куды.. [Лабановіч] звычайна і хадзіў, калі хацелася пабыць аднаму. Колас.

4. у знач. наз. абра́ны, ‑ага, м. Той, хто карыстаецца ўсімі правамі і дабротамі жыцця; прадстаўнік эксплуататарскага класа. Была тут [на Балканах] воля для абраных, Для неабраных — ланцугі. Калачынскі.

5. у знач. наз. абра́ны, ‑ага, м. Той, каго выбіраюць для душы; каханы. Звычайна не ведаюць усе закаханыя, за што кахаюць сваіх абраных. Дуброўскі.

абрасе́лы, ‑ая, ‑ае.

Абмоклы ў расе; пакрыты расою. Хоць дзень ідзе на спад, але У вачах смяшынкі-д’яблікі. У абраселым падале Ты мне падносіш яблыкі. Барадулін. [Антон] зачарпнуў рукою вады, памыў твар, потым.. кінуў пінжак на густы абраселы палын і зморана шмякнуўся на яго. Савіцкі.

абрасі́цца, ‑рашуся, ‑росішся, ‑росіцца.

Абмачыцца расой, змокнуць ад расы. Ішоў Алёшка праз мокры гушчар; увесь абрасіўся і дрыжаў ад холаду. Якімовіч.

абрасі́ць, ‑рашу, ‑росіш, ‑росіць; зак., што.

1. Абмачыць расой. Каб не абрасіць у траве і бульбоўніку штаноў, ён запасаў калошы вышэй калень. Сачанка.

2. Пакрыць расой, змачыць кроплямі вадкасці. Што ж вяночак вы, туманы, абрасілі мой? Броўка. Першы дождж вясновы абрасіў зямлю. Машара.

абраста́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. абрастаць — абрасці.

абраста́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да абрасці.