Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

абгні́сці, ‑гніе; зак.

Стаць зверху або з краёў гнілым. Абгніў, абваліўся паркан. Праўда,.. [Алеся] сама пакрысе яго расцягала, калі не стала чым паліць у печы. Скрыган.

абгні́ць, ‑гніе; зак.

Тое, што і абгнісці.

абго́йсаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Разм. Бегаючы, пабыць у многіх месцах. Не дзіва: абгойсаў жа ўвесь горад. Затое.. у мяне ў партфелі тое, чаго я шукаў. Сабаленка.

абго́н, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. абганяць — абагнаць (у 1 знач.).

2. Першая кругавая баразна на ворыве. [Гіляр:] — Прывязу трактар сёння і зраблю абгон.., а заўтра — за дзень, за другі — увесь будзе ляжаць бродаўскі папар дагары скібаю. Баранавых.

•••

У абгон (бегчы, ехаць і пад.) — навыперадкі, абганяючы адзін аднаго.

абго́рнены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад абгарнуць.

абго́рнуты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад абгарнуць.

абго́ртачны, ‑ая, ‑ае.

1. Прызначаны для абгорткі; які выкарыстоўваецца для абгорткі (у 1 знач.). Абгортачная папера.

2. Які з’яўляецца абгорткай (у 2 знач.). Абгортачныя лісты кукурузных пачаткаў.

абго́ртванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. абгортваць — абгарнуць і абгортвацца — абгарнуцца.

абго́ртвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да абгарнуцца.

2. Зал. да абгортваць.

абго́ртваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да абгарнуць.