Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сабата́жнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Тое, што і сабатаваць (у 2 знач.).

сабата́жны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сабатажу. Сабатажныя дзеянні.

сабачаня́ і сабачанё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.

1. Дзіцяня сабакі; шчаня. Усё люблю малое: кацяня, сабачаня, а цялятка для мяне — дык гэта нешта зусім асаблівае. Кулакоўскі.

2. Маленькі сабачка. Каля суседскага парога залілося сабачаня, тоненька-тоненька. Лобан.

саба́чка 1, ‑і; Р мн. ‑чак; м.

1. Памянш.-ласк. да сабака (у 1, 2 знач.).

2. Шчаня. Мо сабачак прынесці малым пагуляць? Бядуля.

саба́чка 2, ‑і; Р мн. ‑чак; м.

1. Спускавы механізм у агнястрэльнай зброі. Сабачка рэвальвера.

2. Прыстасаванне ў машынах, механізмах, якое перашкаджае руху назад зубчастага кола.

саба́чнік, ‑а, м.

1. Чалавек, які даглядае сабак у сабакарні; сабакар.

2. Разм. Аматар сабак.

3. Той, хто ловіць сабак.

4. Памяшканне для сабакі; сабакарня. Адрамантаваць сабачнік.

саба́чніца, ‑ы, ж.

Жан. да сабачнік (у 1, 2 знач.).

саба́чнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Праводзіць час сярод сабак, забаўляцца сабакамі. Не мая гэта справа, я чалавек просты. Вось паляваць ды сабачнічаць — гэта ўжо іншае. Караткевіч.

сабачу́га, ‑і, м.

Разм.

1. Вялікі сабака. Хацелі павесіць ці атруціць, але сабачуга не даваўся. Сабаленка.

2. перан. Груб. Ілгун, манюка.

саба́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сабакі; належыць сабаку. Сабачая будка. □ На сабачы брэх, пакуль Галя ставіла ля частакола веласіпед, выйшла сястра Марына, а за ёю выбег у кароткіх штоніках на падцяжачках, белагаловы, босы Сцепік. Ермаловіч. // Зроблены з футра сабакі. Сабачая даха.

2. Уласцівы сабаку (у 1 знач.); такі, як у сабакі. Я многа скептыкаў пабачыў З душой, спустошаная датла; У іх і нюх, і спрыт сабачы, І боязь рэзкага святла. Панчанка. Старая сачыла дурным, спалоханым, сабачым позіркам, старалася дагадзіць як магла! Мележ.

3. Разм. лаянк. У складзе некаторых зневажальных выразаў. Сабачае жыццё. □ Не дарма кажуць: «Батрачы хлеб — сабачы». Якімовіч. Усё .. жыццё [Васіля], усе думкі былі ў тым, каб скарэй збавіцца ад сабачай службы. Колас. // перан. Разм. Незвычайна моцны ў сваім праяўленні. Сабачы голад. □ Холад сабачы, дажджы льюць, а тут ніхто і вачэй на курган не паказвае... Ракітны. // перан. Разм. Адданы, паслужлівы, пакорны. Бачыце, як людзі рады, што ўбачылі нас, — растлумачыў гэта па-свойму шавец, звяртаючыся да каменданта, на якога пазіраў увесь час адданымі сабачымі вачыма. Шахавец. // перан. Разм. Ганебны, агідны. Вера .. расказала .. аб людзях-смаўжах, людзях без сэрца, што падаліся на сабачую службу да фашыстаў, выгінаюць перад імі свае хрыбты і люцей звера накідваюцца на нашых людзей. Лынькоў.

4. Разм. лаянк. У складзе некаторых зневажальных выразаў. Сабачы сын. Сабачая душа. □ [Астап:] — Жыцця ты майго хочаш, крыві маёй прагнеш, блыха сабачая! Лынькоў. [Максім:] — Слухай, Сашка, якая ў гэтым твая сабачая справа? Машара.

5. у знач. наз. саба́чыя, ‑ых. Сямейства драпежных млекакормячых, да якога адносяцца свойскі сабака, воўк, пясец, шакал.

6. Як састаўная частка некаторых батанічных і заалагічных назваў. Сабачая мята. Сабачы клешч. □ На ножцы бусловай Сабачы грыбок Уверх падымае Свой жоўты чубок. Бядуля.

•••

Сабачая ножка — тое, што і казіная ножка (гл. ножка). Скурыўшы дзве «сабачыя ножкі», Васіль прылёг на трошкі. Крапіва.

Ушыцца (убрацца, пусціцца) у сабачую скуру гл. ушыцца.

саба́чына, ‑ы, ж.

Мяса сабакі. Мог Іліко расказаць пра скупога папа, які праваліўся пад зямлю за тое, што пачаставаў сваю радню замест бараніны смажанай сабачынай. Самуйлёнак.