сабачы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сабакі; належыць сабаку. Сабачая будка. ▪ На сабачы брэх, пакуль Галя ставіла ля частакола веласіпед, выйшла сястра Марына, а за ёю выбег у кароткіх штоніках на падцяжачках, белагаловы, босы Сцепік. Ермаловіч. // Зроблены з футра сабакі. Сабачая даха.
2. Уласцівы сабаку (у 1 знач.); такі, як у сабакі. Я многа скептыкаў пабачыў З душой, спустошаная датла; У іх і нюх, і спрыт сабачы, І боязь рэзкага святла. Панчанка. Старая сачыла дурным, спалоханым, сабачым позіркам, старалася дагадзіць як магла! Мележ.
3. Разм. лаянк. У складзе некаторых зневажальных выразаў. Сабачае жыццё. ▪ Не дарма кажуць: «Батрачы хлеб — сабачы». Якімовіч. Усё .. жыццё [Васіля], усе думкі былі ў тым, каб скарэй збавіцца ад сабачай службы. Колас. // перан. Разм. Незвычайна моцны ў сваім праяўленні. Сабачы голад. ▪ Холад сабачы, дажджы льюць, а тут ніхто і вачэй на курган не паказвае... Ракітны. // перан. Разм. Адданы, паслужлівы, пакорны. Бачыце, як людзі рады, што ўбачылі нас, — растлумачыў гэта па-свойму шавец, звяртаючыся да каменданта, на якога пазіраў увесь час адданымі сабачымі вачыма. Шахавец. // перан. Разм. Ганебны, агідны. Вера .. расказала .. аб людзях-смаўжах, людзях без сэрца, што падаліся на сабачую службу да фашыстаў, выгінаюць перад імі свае хрыбты і люцей звера накідваюцца на нашых людзей. Лынькоў.
4. Разм. лаянк. У складзе некаторых зневажальных выразаў. Сабачы сын. Сабачая душа. ▪ [Астап:] — Жыцця ты майго хочаш, крыві маёй прагнеш, блыха сабачая! Лынькоў. [Максім:] — Слухай, Сашка, якая ў гэтым твая сабачая справа? Машара.
5. у знач. наз. сабачыя, ‑ых. Сямейства драпежных млекакормячых, да якога адносяцца свойскі сабака, воўк, пясец, шакал.
6. Як састаўная частка некаторых батанічных і заалагічных назваў. Сабачая мята. Сабачы клешч. ▪ На ножцы бусловай Сабачы грыбок Уверх падымае Свой жоўты чубок. Бядуля.
•••
Сабачая ножка — тое, што і казіная ножка (гл. ножка). Скурыўшы дзве «сабачыя ножкі», Васіль прылёг на трошкі. Крапіва.
Ушыцца (убрацца, пусціцца) у сабачую скуру гл. ушыцца.