адчыбу́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што.
Разм. Зрабіць што‑н. незвычайнае; такое, што выклікае здзіўленне. [Шарахоўскі:] — Летась «ФД» гэтакі адчыбучылі, Амерыку перакрылі. Шынклер.
адчыкры́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., што.
Разм. Адрэзаць, адцяць. [Валько:] — У Міхаліны першай гарод адчыкрыжым. Гэта — палітыка. Закон для ўсіх роўны: кінуў калгасную працу — давай сюды зямлю. Савіцкі. // перан. Рэзва і рэзка сказаць што‑н. Таццяна яшчэ памаўчала з момант, а тады раптам адчыкрыжыла з смелай злосцю. Зарэцкі.
адчы́нены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад адчыніць.
2. у знач. прым. Свабодны для доступу, не зачынены.
•••
Дзверы адчынены перад кім гл. дзверы.
Ламацца ў адчыненыя дзверы гл. ламацца.
адчыні́цца, ‑чыніцца; зак.
1. Адкрыцца (пра акно, дзверы, века скрыні, куфра і пад.). Я адшчапіў кручок, піхнуў рукою форткі. Акно адчынілася, у хату дыхнула вясна. Брыль. У гэты момант адчыніліся вароты, і ў Гарадок уехала фурманка з гнядым касманогім конікам. Ракітны.
2. Тое, што і адкрыцца (у 5 знач.). [Скрылевіч:] Дзякуючы сяму-таму з дужэйшых, улез у Інстытут сельскай гаспадаркі, які тады толькі што адчыніўся. Крапіва.
3. Стаць даступным, магчымым. Свет новы адчыніўся перад Ігнасём ва ўсёй прывабнай і бліскучай прынаднасці. Мурашка.
адчыні́ць, ‑чыню, ‑чыніш, ‑чыніць; зак., што.
1. Адводзячы, знімаючы або адстаўляючы ўбок тое, чым перакрыты ўваход ці выхад, пройма ў якое‑н. памяшканне, у якую‑н. пасудзіну і пад., зрабіць даступнай унутраную або знешнюю прастору; адкрыць; проціл. зачыніць. Адчыніць хату. □ Вярнуўся Сцёпка з паходу на досвіце, ціхенька адчыніў адрынку, дзе спалі двое меншых яго братоў, Алесь і Юрка. Колас. // Зняць накрыўку; адвесці дзверы і пад. Адчыніць вароты. □ Данік не вытрымаў, узлез з каленьмі на акно, адчыніў фортачку і задрыжаў — не то ад холаду, не то ад голасу жанчыны. Брыль. // Пусціць у памяшканне, даць увайсці каму‑н. [Рыгор] падняўся на ўсходы да свае кватэры і пазваніў. Ніхто не з’яўляўся адчыніць. Гартны.
2. Тое, што і адкрыць (у 3 знач.). Падабраўшы з сваіх «хлопаў» хлапцоў і дзяўчат, [пан Вашамірскі] адчыніў у сябе студыю. Бядуля. [Андрэй:] — Часцей заязджайце, ды, калі можна, кніжак і газетак нам сюды прышліце: на гэту зіму школку думаем адчыніць. Чарот.
•••
Адчыніць дзверы — а) даць шырокую дарогу для свабоднага паступлення куды‑н., стварыць спрыяльныя ўмовы; б) зайсці, наведаць.
адчыня́цца, ‑яецца; незак.
1. Незак. да адчыніцца.
2. Зал. да адчыняць.
адчыня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да адчыніць.
адчы́сціцца, ‑чышчуся, ‑чысцішся, ‑чысціцца; зак.
Знікнуць пасля чысткі. Пляма адчынілася. // Зрабіцца чыстым, пасвяжэць пасля чысткі. Бутэлька адчысцілася.
адчы́сціць, ‑чышчу, ‑чысціш, ‑чысціць; заг. адчы́сць; зак., каго-што.
1. Чысцячы, зняць, вывесці. Адчысціць іржу. // ад чаго. Вычысціць, пазбавіць бруду, плям. Адчысціць боты ад бруду.
2. перан. Разм. Высарамаціць, адчытаць. Волька так адчысціла старую, што тая можа з месяц, перш чым выйсці на вуліцу, азіралася ў абодва бакі — ці няма дзе часам Волькі паблізу. Васілевіч.
адчыта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Зрабіць справаздачу аб сваёй рабоце, дзейнасці і пад. Адчытацца перад выбаршчыкамі. Адчытацца за камандзіроўку.