Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адваро́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які вядзе назад; які накіраваны ў супрацьлеглы папярэдняму руху бок. У адваротным кірунку. Адваротнае вярчэнне. □ Відаць, чуючы, што на ўзлессі ірвуцца снарады, людзі кінуліся ў адваротны бок, да дробнага хмызняку. Мележ. // Які прыводзяць да зыходнага выніку. Адваротны хімічны працэс. Адваротнае ператварэнне тавару ў грошы.

2. Супрацьлеглы. Адваротны сэнс. Адыманне ёсць дзеянне адваротнае складанню. Лагарыфм з адваротным значэннем. Адваротная тэарэма. Адваротны дослед.

3. Супрацьлеглы знешняму, вонкаваму, левы бок прадмета. [Ніна] узяла са століка маленькае люстэрка, на адваротным баку якога быў малюнак — дзеці купаюцца ў рэчцы. Мележ.

4. у знач. наз. адваро́тнае, ‑ага, н. Палажэнне, якое з’яўляецца процілеглым дадзенаму або патрэбнаму. Доказ ад адваротнага.

•••

Адваротная сіла закона гл. сіла.

Адваротная прапарцыянальнасць гл. прапарцыянальнасць.

Адваротны бок медаля гл. бок.

адваро́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да адвярнуцца (у 1, 2 знач.).

2. Зал. да адварочваць.

адваро́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адвярнуць.

адвары́цца, ‑варыцца; зак.

1. Зварыцца. Грыбы адварыліся.

2. Спец. Аддзяліцца ад чаго‑н. пры награванні ў месцы зваркі.

адвары́ць, ‑вару, ‑варыш, ‑варыць; зак., што.

1. Зварыць; зрабіць адвар. [Бабка Аксіння:] — А ў мяне зеллейка такое ёсць, вось адвару і прынясу. Чарнышэвіч.

2. Спец. Награваючы ў месцы зваркі, аддзяліць ад чаго‑н. Адварыць рэйку.

адвастры́ць, ‑вастру, ‑вострыш, ‑вострыць; зак., што.

Зрабіць вострым; навастрыць, завастрыць. Пара ўжо косы адвастрыць, Каб да касьбы ўжо недалёкай Змаглі мы выйсці да зары. Танк.

адваява́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адваяваць.

адваява́цца, ‑ваююся, ‑ваюешся, ‑ваюецца; зак.

Тое, што і адваяваць (у 3 знач.). [Лякомцаў:] — Вам адразу трэба перапраўляцца на Вялікую зямлю. Вы наваяваліся, Кірыла Пракопавіч, і, прабачце за праўдзівае слова, адваяваліся. Паслядовіч.

адваява́ць, ‑ваюю, ‑ваюеш, ‑ваюе; зак.

1. што. У вайне, у барацьбе адабраць захопленае ворагам або завалодаць тым, што належыць ворагу.

2. перан.; каго-што. Дамагчыся чаго‑н., здабыць што‑н. у выніку барацьбы, настойлівасці, працы, выратаваць каго‑н. [Бабейка:] — Нават пасля вайны адваявалі гектараў пяцьдзесят у балота — вунь, бачыце, чарнее ралля, гэта ўзаралі на зіму. Хадкевіч. [Хірургу] не раз хацелася кінуць папрок гэтаму ганарліўцу, якога ён адваяваў ад смерці, але кожны раз яго спрактыкаваны розум раіў маўчаць. Васілевіч.

3. Разм. Пазбавіцца сілы, моцы ваяваць. [Царская дачка:] — Зноў ідзе на наша царства вялікае войска аж трох каралёў. А бацька мой стары ўжо — ваяваць не можа. Ці не паехаў бы ты за яго? — Куды мне ехаць, — кажа салдат. — Я ўжо сваё адваяваў. Якімовіч.

4. Разм. Праваяваць нейкі час, скончыць ваяваць. Адваяваць два гады. □ Не дачакаўся ў гэты час суровы, Стары шасцідзесятае вясны, Знайшоў спакой на могілках вясковых, Адваяваўшы спраўна тры вайны. Звонак.

адве́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. каго-што і без дап. Праведаць, наведаць каго‑, што‑н. Яму [Януку Сялібу] хацелася адведаць дом, Зноў паглядзець на роднае гняздо. Танк. [Рыгорыха:] — Прыязджае маці, Глафіра Парфіраўна, адведаць магілу сына, паглядзець наша жыццё. Гурскі. [Панна Рузя:] — Ваша ранейшая настаўніца колькі ўжо часу хварэе, а вы?.. Хоць бы разочак схадзілі адведаць! Ганьба!.. Брыль.

2. чаго. З’еўшы або выпіўшы трохі чаго‑н., вызначыць смак; пакаштаваць. — Просіць садоўнік Наведацца ў сад, Бабка Тадора Адведаць чарніц. Броўка. Пакаштуй, калі хочаш, адведай — Вунь — кубанскія кавуны! Прыходзька.

3. чаго. Спазнаць, зведаць, паспытаць. Гуляюць хмаркі ў небе сінім, І ледзь хвалюецца рака... Так моцна хочацца дзяўчыне Адведаць шчасце рыбака. Іверс.