адваява́ць, ‑ваюю, ‑ваюеш, ‑ваюе; зак.

1. што. У вайне, у барацьбе адабраць захопленае ворагам або завалодаць тым, што належыць ворагу.

2. перан.; каго-што. Дамагчыся чаго‑н., здабыць што‑н. у выніку барацьбы, настойлівасці, працы, выратаваць каго‑н. [Бабейка:] — Нават пасля вайны адваявалі гектараў пяцьдзесят у балота — вунь, бачыце, чарнее ралля, гэта ўзаралі на зіму. Хадкевіч. [Хірургу] не раз хацелася кінуць папрок гэтаму ганарліўцу, якога ён адваяваў ад смерці, але кожны раз яго спрактыкаваны розум раіў маўчаць. Васілевіч.

3. Разм. Пазбавіцца сілы, моцы ваяваць. [Царская дачка:] — Зноў ідзе на наша царства вялікае войска аж трох каралёў. А бацька мой стары ўжо — ваяваць не можа. Ці не паехаў бы ты за яго? — Куды мне ехаць, — кажа салдат. — Я ўжо сваё адваяваў. Якімовіч.

4. Разм. Праваяваць нейкі час, скончыць ваяваць. Адваяваць два гады. □ Не дачакаўся ў гэты час суровы, Стары шасцідзесятае вясны, Знайшоў спакой на могілках вясковых, Адваяваўшы спраўна тры вайны. Звонак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)