Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

абшука́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад абшукаць.

абшука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Зрабіць вобыск дзе‑н., у каго‑н. [Начальнік атрада:] — Ну, хлопцы, абшукаць добра ўсе закануркі. Крапіва. За сталом сядзелі памешчык і надзьмуты палкоўнік. — Абшукаць! — быў кароткі загад. Міколку і дзеда старанна абшукалі. Лынькоў.

2. Агледзець старанна ўсё, шукаючы што‑н. Было вырашана абшукаць увесь лес повідну, у выпадку варожай аблавы агню не адкрываць, а хавацца. Кулакоўскі.

абшу́кванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. абшукваць — абшукаць.

абшу́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да абшукаць.

абшчапі́ць, ‑шчаплю, ‑шчэпіш, ‑шчэпіць; зак., каго-што.

Разм. Абхапіць рукамі, абняць. — Прыехаў... прыехаў... — паўтарае.. [маці], але быццам яшчэ не зусім верыць гэтаму і таму не адпускае сына, абшчапіла рукамі ягоную шыю і не адпускае. Чыгрынаў.

абшчы́на, ‑ы, ж.

1. У дакласавым і як перажытак у класавым грамадстве — форма аб’яднання людзей, якой характэрна калектыўная ўласнасць на сродкі вытворчасці, сумесная праца з ураўняльным размеркаваннем, а таксама частковае або поўнае самакіраванне. Першабытная абшчына. Сямейная абшчына. Сялянская абшчына. □ Рускія рэвалюцыянеры-дэмакраты хоць і былі сацыялістамі-утапістамі, бо марылі перайсці да сацыялізма праз сялянскую абшчыну, мінаючы капіталіам, аднак яны карэнным чынам адрозніваліся ад сацыялістаў-утапістаў Заходняй Еўропы. Ларчанка.

2. Добраахвотнае аб’яднанне для сумеснай дзейнасці; брацтва, садружнасць, арганізацыя. Раскольніцкая абшчына. Абшчына хрысціян.

абшчы́ннік, ‑а, м.

Член абшчыны.

абшчы́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да абшчыны. Абшчынная ўласнасць. Абшчыннае землекарыстанне.

абшчы́паны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад абшчыпаць.

2. у знач. прым. Выскубены, вышчыпаны, абарваны, аб’едзены. Абшчыпаная курыца. Абшчыпаныя бровы.

абшчыпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Шчыпаючы, пазбавіць апярэння, лісця і пад.; абскубці. Абшчыпаць курыцу. Абшчыпаць куст.

2. Шчыпаючы, паабрываць (лісце, ягады, пялёсткі і пад.). Абшчыпаць пялёсткі. Абшчыпаць струкі гароху.

3. Шчыпаючы, параніць у многіх месцах. [Пеўні] абшчыпалі да крыві адзін другому грабяні. Крапіва.