адгукну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Адказаць на зварот; адазвацца. — А хто не згаджаецца з гэткаю пастановаю? — запытаў старшыня. — Я!.. — адгукнуўся адзін толькі Габрусь. Чарот. — Габрынька! — Зараз, татка! — адгукнуўся ў глыбі дома звонкі дзявочы галасок. Колас. // Прагучаць, падаць голас у адказ на што‑н. Дзесьці ў канцы вёскі хрыпла заспяваў певень. Яму адгукнуўся другі, трэці. Шамякін. Вясна гукнула, павяла, І адгукнулася дарога. Пысін.
2. перан. Адазвацца якім‑н. чынам на якую‑н. з’яву, падзею, выказаць свае адносіны да яе. [Якаў Гіс:] — Мы [рабочыя] павінны адгукнуцца на гэты замах палачоў рашучым выступленнем — забастоўкаю. Гартны. // Паставіцца спачувальна да чаго‑н., падтрымаць. На шырокай плошчы перад вакзалам ішоў мітынг у гонар будаўнікоў-добраахвотнікаў, якія першымі адгукнуліся на заклік камсамола. Асіпенка.
3. перан. Выклікаць якое‑н. пачуццё, адчуванне ў каго‑н. Адна акалічнасць балюча адгукнулася ў Аўгініным сэрцы: у Вепрах хадзілі ўпартыя чуткі, што арышт Мартына Рыля стаіць у простай залежнасці ад даносу Васіля Вусыгі. Колас. Хай жа песня ўсюды льецца, У сэрцах вашых адгукнецца. Купала.
4. перан. Адбіцца на кім‑, чым‑н., зрабіць уплыў. Памыліўся ты, і твая памылка рэхам адгукнецца ва ўсім калгасе. Дуброўскі.
адгу́л, ‑у, м.
Водпуск, які даецца за звышурочную працу, дзяжурства. А тым часам Язэп Кулінчык зачасціў да сваіх. То ў яго заданне ад рэдакцыі, то выхадны дзень, то адгул за дзяжурства. Кавалёў.
адгу́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да адгуляць.
адгуля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.
Разм.
1. Уволю пагуляць, адпачыць. Усе ведалі, што Адарка ў апошні час любіць адгуляцца. Лупсякоў.
2. Адпасвіцца на падножным корме (пра жывёлу). Мой конь, ты добра адгуляўся, Пакуль я ездзіў на машыне, Мой конь, ты добра назбіраўся Дарожкай белай канюшыны. Гаўрусёў.
адгуля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.
1. Правесці некаторы час на гуляннях. Вось ужо цэлае лета адгулялі.. [Антон і Надзя] на вечарынках. Грамовіч. // што. Выкарыстаць чарговы адпачынак, водпуск, дазволены за звышурочныя работы, дзяжурствы. Адгуляў сын-афіцэр свой водпуск у вёсцы. Ракітны.
2. што. Адсвяткаваць; згуляць. — У гэтым доме, — заўважае брат, — на Новы год вяселле адгулялі. Гілевіч.
3. Перастаць, кончыць гуляць. [Лятун:] — Стары я, браткі, недалугай раблюся. Што год, то горш. Але не шкада, сваё адгуляў, сваё адмазоліў. Лынькоў. // перан. Прайсці, закончыцца. Адгрымела маразамі зіма, адгуляла завеямі ў палях. Шахавец.
адгусці́, ‑гуду, ‑гудзеш, ‑гудзе; ‑гудзём, ‑гудзяце; зак.
Перастаць гусці. Колькі-колькі над пільняй гудкоў адгуло. Зарыцкі. Маўчаць кулямёты, І міны не выюць. Гарматы сваё адгулі. Броўка. // перан. Прайсці, мінуцца. Пазіцыі аглядвае [абеліск], Дзе бітвы адгулі, Герояў мужных згадвае, што з бою не прыйшлі. Калачынскі. Багата адгуло паводак і адцвіло на лузе траў. Вялюгін.
адгуча́ць, ‑чыць; зак.
Перастаць гучаць. Песня адгучала.
адгу́шкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Скончыць гушкаць. Адгушкалі нівы... У лузе, за стагамі, Блукаў я, нібы жнівень, з мокрымі нагамі. Тармола.
адгы́рквацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да адгыркнуцца.
адгы́ркнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
Разм. Груба, рэзка, злосна адказаць на якое‑н. пытанне, заўвагу. — Папомніш ты, хамуйла! — ціхенька адгыркнуўся Махлярчык... Гарэцкі.