адгру́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм.
1. Перастаць грукаць. Пройдзе час, адгрукаюць гарматы, Змоўкнуць стрэлы, Знікнуць хмары дыму. Броўка.
2. перан.; што. Пабудаваць, адбудаваць або зрабіць што‑н. вялікае, значнае. — Заходзьце, сядайце за стол, цесляры, — Адгрукалі хату на славу. Бялевіч.
3. што. Адскакаць, станцаваць. Відаць, такі ўжо клімат тут [на курорце] гаючы, што нават самавітыя дзядзькі і цёткі, забыўшыся пра свае радыкуліты, прастрэлы і рэўматычныя ламоты, адгрукаюць вам «Польку-Янку» ці «Лявоніху». Вірня.
4. перан.; што. Працуючы, выконваючы абавязак, адбыць, адслужыць нейкі час. [Юнак:] — Два гады ў аўтароце разам адгрукалі. Краўчанка.
адгрыза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да адгрызці.
адгры́зены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад адгрызці.
адгры́зці, ‑грызу, ‑грызеш, ‑грызе; ‑грызём, ‑грызяце; зак., што.
Грызучы, аддзяліць, ад’есці. Бярэ .. [хлопец] гэту цыгарышчу і ажно сапе. Шмаргануў носам і адгрыз канчурык. Грамовіч.
адгрыме́ць, ‑міць; зак.
1. Перастаць грымець (пра гром). Адгрымела ноччу навальніца, Птушак пазванчэлі галасы, І пяюць на сто ладоў сініцы — Пэўна, упіліся ад расы. Панчанка. Дождж прамачыў наскрозь Лясныя нетры. Гром адгрымеў. Чуваць быў толькі звон. Свірка. // Скончыць грымець (пра што‑н. гучнае). Адгрымеў развітальны салют з вінтовак. Лынькоў.
2. перан. Прайсці, закончыцца (пра што‑н. буйнае, шумнае). Адгрымела слава. □ Змоўклі бітвы. Развеяўся дым. Адгрымелі часы баявыя. Броўка. Вайна адгрымела. Салют Уславіў шляхі перамогі. Глебка.
адгрэ́бены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад адгрэбці.
адгрэ́бці, ‑грабу, ‑грабеш, ‑грабе; ‑грабём, ‑грабяце; зак., што.
Грабучы, адсунуць убок. Мікіта адгроб ад варот гной, прычыніў вароты і пайшоў да стога. Галавач.
адгука́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да адгукнуцца.
адгука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. Скончыць гукаць. Адгукала труба, адмычалі каровы, ў полі пуста — ні голасу, ні аганька. Дудар.
2. каго-што; перан. Гукаючы, клічучы, вярнуць. Толькі еднасці сіла Долю нам адгукала. Бялевіч.
адгу́квацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да адгукнуцца.