Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

саматра́с, ‑а, м.

1. Спец. Аўтаматычна механізм у самаходным камбайне, прызначаны для вытрасання зерня з саломы.

2. Зімовая рыбалоўная снасць, якая нагадвае паплаўковую вуду, дзе замест кручка прымацавана блясна.

саматрэніро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.

Трэніроўка сваёй памяці, нервовай сістэмы і пад.

самату́гам, прысл.

1. Без дапамогі цяглавай сілы, на сабе. Тады на заводзе былі ўсяго дзве печы. Рабочыя саматугам вазілі ў іхнія ненасытныя зеўры на тачках торф. Даніленка. Раніцай, у скорым часе пасля пад’ёму, на цэнтральнай дарозе паказвалася двухколка, якую саматугам цягнулі палонныя. С. Александровіч.

2. перан. Сваімі сіламі, без дапамогі. Зміцер сам праз сябе, саматугам выбіўся ў людзі. «Маладосць».

самату́жкі, ‑жак; адз. няма.

Разм. Прымітыўная павозка на двух колах, а таксама невялікія сані для перавозкі чаго‑н. саматугам. Дарога на вуліцы была добрая, цупкая, выкаўзаная, і саматужкі, павіскваючы палазамі, аж самі беглі, хоць на іх ляжала ладная вязка сена. Капыловіч. Упр[о]гшыся ў нагружаныя дрывамі саматужкі, па дарозе памалу, відаць, моцна стомленая, крочыла пажылая жанчына. Краўчанка.

самату́жнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць саматужнага (у 2 знач.).

самату́жнік, ‑а, м.

Той, хто займаецца вырабам чаго‑н. дома; рамеснік. Саматужнік-адзіночка. □ Карчма Шчыгельчыка стала прыпынкам найбольш сялян, а таксама местачковых саматужнікаў — цесляроў, муляроў і іншых. Пестрак. // Пра таго, хто не творча, не якасна працуе. Толькі саматужнікі іграюць скрозь і пры любых умовах, а для мяне [Галіны] патрэбен быў, глядач. Рамановіч.

самату́жніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да саматужніцтва. Саматужніцкія вырабы.

самату́жніцтва, ‑а, н.

1. Занятак саматужніка, саматужны промысел. [Марцін:] Пры панскім рэжыме я не мог стаць раўнапраўным членам рабочага класа. Што ж, беспрацоўе... Вось і прыходзілася зямлю араць і розным саматужніцтвам займацца. Чарнышэвіч.

2. перан. Работа, якая вядзецца адасоблена, неарганізавана, прымітыўна. Наш галоўны недахоп, на знішчэнне якога мы павінны накіраваць усе свае сілы, гэта — вузкі «саматужны» характар мясцовай работы. У сілу гэтага саматужніцтва, маса праяўленняў рабочага руху ў Расіі застаюцца чыста мясцовымі падзеямі. Ленін. // Вузкае, прымітыўнае разуменне чаго‑н. «Барацьба за высокае майстэрства, супраць элементаў саматужніцтва, меладраматызму..» — гэты дэвіз, што бытуе ў тэатры, павінен стаць для яго пуцяводнай зоркай. «Маладосць».

самату́жнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Займацца саматужным промыслам.

2. перан. Рабіць што‑н. неарганізавана, прымітыўным спосабам.

самату́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да саматужнікаў, належыць ім. Саматужны я майстэрні. □ Вытворчасць саней — з даўняга часу вельмі пашыраны і скрозь вядомы саматужны промысел на Беларусі. «Помнікі». // Зроблены ўручную, не фабрычным спосабам. Дзядзька Марцін рэзаў сечку на саматужнай сячкарні, — відаць, збіраўся ехаць араць папар. Колас. // Недасканалы, прымітыўны па выкананню. Атрымалася [лістоўка] нягеглая з выгляду і нікога не ўзрадавала. Адразу кідалася ў вочы, што друк саматужны. Навуменка.

2. перан. Неарганізаваны, распылены, адасоблены. Галоўная рыса нашага руху, якая асабліва кідаецца ў вочы ў апошні час, гэта яго раздробленасць, яго саматужны, калі можна так сказаць, характар: мясцовыя гурткі ўзнікаюць і дзейнічаюць амаль зусім незалежна ад гурткоў у іншых месцах і нават (што асабліва важна) ад гурткоў, якія дзейнічалі і дзейнічаюць адначасова ў тых жа цэнтрах. Ленін. // Не падрыхтаваны належным чынам. [Шыянок:] — Мне здавалася, што я пагаварыў немаведама чаго. Нават баяўся, што сакратар парткома заўтра ўсыпле за маё саматужнае выступленне. Сабаленка. // Малакваліфікаваны. Адным словам, падрыхтоўка мая была неважнецкая, саматужная. Лужанін. [Пан Галыга:] — Ну! Музыка саматужны, Пакажыся, што за «грач». Колас.