саматужны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да саматужнікаў, належыць ім. Саматужны я майстэрні. ▪ Вытворчасць саней — з даўняга часу вельмі пашыраны і скрозь вядомы саматужны промысел на Беларусі. «Помнікі». // Зроблены ўручную, не фабрычным спосабам. Дзядзька Марцін рэзаў сечку на саматужнай сячкарні, — відаць, збіраўся ехаць араць папар. Колас. // Недасканалы, прымітыўны па выкананню. Атрымалася [лістоўка] нягеглая з выгляду і нікога не ўзрадавала. Адразу кідалася ў вочы, што друк саматужны. Навуменка.
2. перан. Неарганізаваны, распылены, адасоблены. Галоўная рыса нашага руху, якая асабліва кідаецца ў вочы ў апошні час, гэта яго раздробленасць, яго саматужны, калі можна так сказаць, характар: мясцовыя гурткі ўзнікаюць і дзейнічаюць амаль зусім незалежна ад гурткоў у іншых месцах і нават (што асабліва важна) ад гурткоў, якія дзейнічалі і дзейнічаюць адначасова ў тых жа цэнтрах. Ленін. // Не падрыхтаваны належным чынам. [Шыянок:] — Мне здавалася, што я пагаварыў немаведама чаго. Нават баяўся, што сакратар парткома заўтра ўсыпле за маё саматужнае выступленне. Сабаленка. // Малакваліфікаваны. Адным словам, падрыхтоўка мая была неважнецкая, саматужная. Лужанін. [Пан Галыга:] — Ну! Музыка саматужны, Пакажыся, што за «грач». Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)