абу́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад абуць.
2. у знач. прым. Які мае абутак на нагах. Кахаю.. у хустцы і ў косах, У завею і летні гром, Кахаю абутую й босую, з кнігамі і з сярпом. Караткевіч.
абу́х, ‑а, м.
1. Тупая патоўшчаная частка вострай прылады (звычайна сякеры), процілеглая лязу. З глыбіні бору пачуліся глухія ўдары абуха. Якімовіч.
2. Лаянк. Дурань. — Ведаеш, што такое Кашын? — спытаўся Міхал замест адказу. — Абух, які верыць аднаму сабе, а ўсіх астатніх падазрае ў нечым. Карпаў.
•••
Падвесці (падводзіць) пад абух гл. падвесці.
Тупы як абух гл. тупы.
Як (нібы, быццам) абухом па галаве — уразіць раптоўнай непрыемная весткай.
абу́цца, абуюся, абуешся, абуецца; зак.
1. Надзець сабе на ногі абутак. [Бацька] паволі злез з палатак, запаліў лямпачку, абуўся і, уздзеўшы кажушок, пайшоў з ліхтаром у гумно. Чорны.
2. Забяспечыць сябе абуткам. Абуцца на зіму. Сям’я абулася на цэлы год.
абу́ць, абую, абуеш, абуе; зак., каго-што.
1. Надзець сабе ці каму‑н. на ногі абутак. Абуць дзіця. □ Стаіць [яблыня] падобна да тае Дзяўчынкі невялічкай, Што ножкі босыя свае Абула ў чаравічкі. Лужанін.
2. Забяспечыць абуткам. Беглі дні. Кончылася вайна. Хлопцаў адзелі і абулі. Асіпенка.
•••
Абуць у лапці — а) абхітраваць, абмануць. Каза, а не дзеўка — адно вока таўчэ, а другое меле. І пароды хітрай. Ураз у лапці абуе. М. Ткачоў; б) давесці да беднасці. Гулі ў лапці абулі. Прыказка.
абу́чаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад абучыць.
2. у знач. прым. Які атрымаў пэўныя веды, навыкі. Абучаны салдат.
абуча́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Праходзіць ваенную падрыхтоўку.
абуча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго.
Праводзіць ваенную падрыхтоўку. Абучаць салдатаў.
абучы́цца, ‑учуся, ‑учышся, ‑учыцца.
Зак. да абучацца.
абучы́ць, ‑учу, ‑учыш, ‑учыць.
Зак. да абучаць.