Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

абразі́на, ‑ы, ж.

Разм. лаянк. Агідны, брыдкі чалавек. Жыве ж такая абразіна з такою пыхаю на лбе! Колас. // Агідны, брыдкі твар. Прыйдзецца зноў [Сцёпку] сустракацца з пападдзёй, зноў слухаць яе хрыпаты голас, бачыць яе твар, падобны на гарбуз, з якога глядзяць вузкія шчылінкі-вочы, невялікі з бародаўкай нос, тоўстыя вусны, вузкі лоб, на які спадаюць вогненна-рыжыя пасмы, — адна брыдота. Трэба ж нарадзіцца такой абразіне. П. Ткачоў.

абразі́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да абразіваў. Абразіўныя інструменты.

абра́зіцца, ‑ражуся, ‑разішся, ‑разіцца; зак.

Прыняўшы што‑н. за абразу, пакрыўдзіцца. Маша адмовіцца ад запрашэння і больш таго — абавязкова пакрыўдзіцца, абразіцца. Шамякін.

абра́зіць, ‑ражу, ‑разіш, ‑разіць; заг. абразь; зак., каго-што.

Пакрыўдзіць каго‑н. якім‑н. зняважлівым словам або дзеяннем. У голасе прагучала іронія, і Станіслаў праз сілу стрымаў сябе, каб не абразіць новага свайго знаёмага. Мікуліч. // Выклікаць непрыемнае ўражанне. Прафесар нічога не кінуў у шапку скрыпачу. Ён не зрабіў гэтага, бо выгляд скрыпача абразіў яго. Галавач.

абразкі́, ‑оў; адз. абразок, ‑зка, м.

Спец. Жанр лірычных мініяцюр у беларускай прозы, у якіх адлюстроўваецца ўнутраны свет чалавека.

абра́злівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць абразлівага. Абразлівасць тону.

абра́злівы, ‑ая, ‑ае.

Здольны абразіць; такі, які нясе ў сабе абразу. З-за пуні прагучаў прарэзлівы свіст, а за ім паляцелі ліпкія сваёй брыдкасцю абразлівыя словы... Галавач. У жыцці.. бываюць моманты, калі мала ўсёй накопленай за гады вытрымкі, каб перажыць адну хвіліну абразлівай няёмкасці. Быкаў.

абра́знік, ‑а, м.

Разм. Тое, што і абражальнік. Маці ледзь управілася схапіць хлопчыка за руку і адабраць гайку, якую ён хацеў шыбнуць у абразніка. Шамякін.

абразны́, ‑ая, ‑ое.

1. Такі, у якім абрэзаны краі (край). Адрозніваюць дошкі абразныя, неабразныя і аполкі.

2. Прызначаны для абразання чаго‑н. Абразны станок.

абразу́міцца, ‑млюся, ‑мішся, ‑міцца; заг. абразумся; зак.

Абдумацца, прыйсці да развагі.