Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

абнемагчы́, ‑магу, ‑можаш, ‑можа; пр. абнямог, ‑магла, ‑магло; зак.

Разм.

1. Страціць здароўе, сілы, занядужаць. [Жанчына] зусім абнемагла і найбольш ляжала. Чорны.

2. Тое, што і знемагчыся. Пад раніцу Параска абнемагла і заснула. Лобан.

абнемагчы́ся, ‑магуся, ‑можашся, ‑можацца; пр. абнямогся, ‑маглася, ‑маглося; зак.

Разм. Тое, што і абнемагчы. Мы зайшлі ў сенцы і папрасілі ў гаспадара, каб ён прадаў нам хлеба і малака, бо мы зусім абнемагліся. Сачанка.

абне́сены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад абнесці.

абнеслаўле́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. абняславіць.

абнеслаўля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца.

1. Незак. да абняславіцца.

2. Зал. да абнеслаўляць.

абнеслаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да абняславіць.

абне́сці, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. абнёс, ‑несла і ‑нясла, ‑нясло; заг. абнясі; зак., каго-што.

1. Пранесці што‑н. вакол чаго‑н. Свянцоным хлебам, соллю і вадой Абнесла навакол яе [каровы] тры разы. Купала.

2. Абгарадзіць, акружыць сцяною і пад. Моцны, з ацярэбленага ядлоўцу пляцень, якім Несцер абнёс сад незадоўга перад вайной, быў месцамі спалены. Кулакоўскі.

3. Абходзячы, надзяліць, абдарыць усіх, кожнага. Абнесці гасцей прысмакамі.

4. Надзяляючы чым‑н. усіх, прамінуць каго‑н. Абнесці чаркай.

абніма́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. абнімаць — абняць (у 1 знач.).

абніма́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да абняцца.

2. Зал. да абнімаць.

абніма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да абняць.