Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

абвінава́ўца, ‑ы, Т ‑ам, м.

Асоба, якая падтрымлівае абвінавачванне ў судовым працэсе. Дзяржаўны, грамадскі абвінаваўца. □ Нарэшце ў Галі нібы прарэзаўся гнеўны голас, і яна пачала гаварыць не як сведка, а як абвінаваўца. Сабаленка. // Той, хто выкрывае перад грамадскасцю злачынную сутнасць дзейнасці якой‑н. асобы, сацыяльнай групы або ўкладу жыцця. Абвінаваўца самаўладства.

абвінава́ўчы, ‑ая, ‑ае.

Які змяшчае ў сабе абвінавачанне. Абвінаваўчы акт. Абвінаваўчае заключэнне. □ Для абвінаваўчай прамовы старшыня даў слова пракурору. Колас.

абвінава́ціць, ‑чу, ‑ціш, ‑ціць; заг. абвінаваць.

Зак. да абвінавачваць (у 1 знач.).

абвінава́чанне, ‑я, н.

1. Прызнанне каго‑н. вінаватым у чым‑н. [Галена:] — Я тады набралася гора, пакуль не з’явіўся сам гэты хлопец і не папрасіў зняць абвінавачанне, бо ён памыліўся. Чорны. Адносна Лабановіча пракурор заўважыў, што гэты падсудны, хоць і мала фігуруе ў абвінавачанні, але, як гаворыць народная прыказка, — па абліччы апостал, а па зубах сабака. Колас.

2. Спец. Той бок у судовым працэсе, які абвінавачвае. Сведкі абвінавачання.

абвінава́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад абвінаваціць.

2. у знач. наз. абвінава́чаны, ‑ага, м.; абвінава́чаная, ‑ай, ж. Той (тая), каго абвінавацілі, лічаць вінаватым (вінаватай). Багушэвіч папрасіў суд дазволіць абвінавачанаму сесці побач з ім за сталом абаронцы. Ларчанка.

абвінава́чванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. абвінавачваць — абвінаваціць.

абвінава́чваны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад абвінавачваць (у 1 знач.).

2. у знач. наз. абвінава́чваны, ‑ага, м.; абвінава́чваная, ‑ай, ж. Той (тая), каму па суду прад’яўлена абвінавачанне ў якім‑н. злачынстве. Допыт абвінавачванага. □ Артыкулах, 157 Канстытуцыі БССР «Абвінавачванаму забяспечваецца права на абарону». Канстытуцыя БССР.

абвінава́чвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да абвінавачваць (у 1 знач.).

абвінава́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што ў чым і без дап. Лічыць каго‑н. вінаватым у чым‑н. А супярэчыў.. [Сцяпан Варанец], так сказаць, прынцыпова: не можна, бачыце, абвінавачваць чалавека, калі добра не ведаеш. Крапіва. // Устанаўліваць віну каго‑н. у судовым парадку; лічачы вінаватым у чым‑н., прыцягваць да судовага разбору. Думкі перабіў ураднік. — У чым жа вас абвінавачваюць? — запытаў ён. — За што судзяць? Колас. // Папракаць, асуджаць за што‑н. Абвінавачваць у неаб’ектыўнасці.

2. без дап. Выступаць у якасці судовага абвінаваўцы, пракурора. Малады пракурор абвінавачваў упершыню.

абвіна́нне, ‑я, м.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. абвінаць — абвінуць.