Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сатурні́зм, ‑у, м.

Спец. Хранічнае атручэнне свінцом.

[Ад лац. Saturnus — свінец.]

саты́р, ‑а, м.

1. У грэчаскай міфалогіі — спадарожнік бога віна і весялосці Дыяніса, хітрая, пажадлівая істота з казлінымі нагамі, рагамі і барадой. // перан. Пра хітрага, пажадлівага чалавека.

2. Від вялікіх дзенных матылёў.

3. Птушка атрада курыных з двума падобнымі на рогі вырастамі на галаве, якая водзіцца ў Індыі і Кітаі.

[Грэч. satyros.]

саты́ра, ‑ы, ж.

1. Спецыфічная форма мастацкага адлюстравання рэчаіснасці, якой уласціва з’едлівае высмейванне розных адмоўных з’яў. Гнеўная сатыра Ювенала. Сатыра Кукрыніксаў.

2. Твор літаратуры і мастацтва, у якім востра высмейваюцца людскія заганы, рэзка асуджаюцца негатыўныя з’явы жыцця. Гэты твор [«Прамова Івана Мялешкі»] з’яўляецца адным з найбольш яркіх помнікаў палітычнай сатыры канца XVI стагоддзя. «Полымя». «Сон» — гэта сатыра на прыгонніцкую чыноўніцка-бюракратычную сістэму Расіі. Палітыка.

3. перан. Рэзкае, з’едлівае высмейванне, развянчанне каго‑, чаго‑н. Баязлівы чалавек варты вострага пяра, едкай сатыры. Сабалеўскі. Маладая сярэдневяковая буржуазія выступала ў літаратуры з пародыяй і сатырай па феадальны лад. Галавач.

[Лац. satira.]

саты́рык, ‑а, м.

Пісьменнік, аўтар сатыр; прадстаўнік сатырычнага напрамку ў якім‑н. відзе мастацтва. К. Крапіва, выступаючы ў ролі драматурга, шмат у чым заставаўся верным свайму таленту бытапісальніка і сатырыка. Гіст. бел. сав. літ.

сатыры́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць сатырычнага (у 1 знач.).

сатыры́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сатыры (у 2 знач.); які з’яўляецца сатырай, змяшчае ў сабе сатыру. Сатырычная камедыя. Сатырычныя вершы. □ У час вайны я зноў вярнуўся да сатырычнага жанру. Крапіва. // Уласцівы сатыры (у 2 знач.), сатырыку; выкрывальны. У гэтым творы [«Сон Анупрэя»] Змітрок Бядуля падымаецца да сатырычнага паказу ўлад. Каваленка. У сатырычным плане паказвае аўтар хітрую палітыку Сурвілы. Барсток.

2. З’едліва-насмешлівы; іранічны. Вялікі сатырычны эфект [у сатырычных вершах Коласа] давала зніжана-бытавая сялянская лексіка. Гіст. бел. сав. літ.

сатырыя́з, ‑у, м.

Хваравітая палавая цяга ў мужчын, празмерная пажадлівасць.

[Ад грэч. satyros — сатыр.]

сатысфа́кцыя, ‑і, ж.

У феадальна-дваранскім грамадстве — задавальненне ў форме паядынку, дуэлі, якое даецца абражальнікам па патрабаванню абражанага для абароны гонару. Патрабаваць сатысфакцыі.

[Лац. satisfactio — задавальненне.]

сатэ́, нескл., н.

Страва пад соусам, якая гатуецца на моцным агні. Сатэ з траскі. // прым. нескл. Прыгатаваны пад соусам. Філе сатэ.

[Фр. sauté ад sauter — смажыць.]

сатэ́йнік, ‑а, м.

Скаварада (для гатавання сатэ) з тоўстым дном і высокімі прамымі бакамі.