Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адці́снуты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адціснуць.

адці́снуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Знаходзячыся пад ціскам, выпусціць вадкасць, вільгаць. [Паўлінка:] Можа б, мамка, прыціснулі сыр, бо да заўтрашняга не адціснецца. Купала.

2. Пад націскам адысці, адступіць; выйсці з цеснаты, натоўпу. Адціснуцца на задні план. □ Які там мог быць строй! Натоўп нядаўніх салдатаў толькі яшчэ гусцей збіўся ў чатырохкутніку двара, адціснуўся трохі ад ворагаў. Брыль.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пакінуць пры націсканні свой адбітак, след; адбіцца. І лісцейка як адціснулася тысячы год назад, так і захавала свой малюнак у акамянелым дрэве. Лынькоў.

адці́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Прыціснуўшы, пашкодзіць. Левую руку.. [Сухарукаму] адціснула калода ў лесе. Бядуля. // Пераціснуўшы, аддзяліць; адрэзаць.

2. Сціскаючы, аддзяліць вадкасць, вільгаць; выціснуць. Адціснуць ягады.

3. Наступаючы, націскаючы, прымусіць адступіць, адысці. Паўлюк трымаўся каля дзеда, ведаючы, што з ім будзе бліжэй да трыбуны, а самога могуць і адціснуць. Шамякін. // перан. Прымусіць пакінуць, адысці ад каго‑, чаго‑н. — Чуеш, брат Стары, — шапнуў Садовіч прыяцелю, — давай, брат, адціснем Найдуса! Колас.

4. Націснуўшы, пакінуць адбітак на чым‑н. Адціснуць след.

5. Спец. Зрабіць адбітак тэксту, малюнка; аддрукаваць. Адціснуць газетную паласу.

адцура́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., каго-чаго.

Адрачыся, пакінуць прызнаваць роднае, блізкае, сваё; парваць сувязь, адносіны з кім‑, чым‑н. [Мужчына:] — Хто ж табе прынясе.. [зямлю]? Думаеш, сам пан Ёдка адцураецца ды прыйдзе, ды пакланіцца табе, ды скажа: — Дарагія мае мужчынкі! Так мне абрыдла гэта зямля! Скрыган. Хто роднага краю цураецца, той і маткі сваёй адцураецца. Прыказка. // Кінуць, забыць што‑н. у страху, паніцы. [Тварыцкага] апанаваў такі жах, што ён кінуўся адгэтуль ходу, адцураўшыся і знойдзенага на дарозе недаломка дугі. Чорны. // Пакінуць верыць чаму‑н., перастаць прызнаваць за ісціну што‑н. А цётка Магда не стрывае І Дзівака свайго палае: — Чаго, кацьмак, там заваліўся? Пайшоў бы ў цэркву, памаліўся, Зусім ты бога адцураўся: Пятнаццаць год як спавядаўся! Колас.

адцэ́джаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адцадзіць.

адцэ́джвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да адцэджваць.

адцэ́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адцадзіць.

адцэнтрава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адцэнтраваць.

адцэнтрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.

Спец. Правільна ўстанавіць у адносінах да цэнтра.

адцяга́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адцягаць.