Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

аднаве́рства, ‑а, н.

1. Агульнасць веры, рэлігіі.

2. Стараверская секта, якая прызнае праваслаўнае духавенства, але захоўвае старапісныя абразы і старадрукарскія богаслужэбныя кнігі.

аднавёславы,

гл. аднавясловы.

аднаві́цель, ‑ю, м.

1. Спец. Рэчыва, з дапамогай якога выклікаецца рэакцыя аднаўлення — выдзяленне кіслароду з саставу складаных рэчываў. Вадарод з яўляецца моцным аднавіцелем хімічных злучэнняў.

2. Сродак для аднаўлення ранейшага колеру валасоў.

аднаві́цца, ‑наўлюся, ‑новішся, ‑новіцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Вярнуцца да ранейшага стану, выгляду; адрадзіцца, узнавіцца. Аднавілася зямля. □ У вёсцы Якава, як і ўсюды на вызваленай зямлі, аднавіўся калгас. Марціновіч.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Зноў узнікнуць у памяці; прыпомніцца. [Святлане] самой часта прыходзілася брацца за падручнік, каб тое-сёе аднавілася ў памяці. Шахавец.

3. Вярнуцца ў ранейшае службовае ці грамадскае становішча. Аднавіцца ў правах. Аднавіцца на працы.

4. Пачацца зноў пасля пэўнага перапынку. Заняткі ў школе аднавіліся.

аднаві́ць, ‑наўлю, ‑новіш, ‑новіць; зак., што.

1. Вярнуць да ранейшага стану, выгляду што‑н. пашкоджанае, парушанае, заняпалае; адрадзіць; узнавіць. Аднавіць разбураную гаспадарку. Аднавіць завод. Аднавіць камсамольскую арганізацыю. Аднавіць пашкоджаны тэкст. □ Зарастуць травой магілы; Мы адновім нашы сілы, Адбудуем край. Бядуля.

2. перан. Прыпомніць, нанава ўявіць што‑н. забытае; узнавіць. Спачатку.. [Стафанковіч] не ўспомніў таго моманту гісторыі гэтага фрэнча, калі ён знік з яго кватэры. Але пакрысе, момант за момантам, памяць яго аднавіла ў сабе гэтую справу. Чорны.

3. Вярнуць каму‑н. ранейшае службовае ці прававое становішча. На праўленні Станіслава Лінкевіча аднавілі ў правах члена арцелі «Светлы шлях». Дуброўскі.

4. Пачаць зноў перарванае дзеянне, адносіны. Аднавіць знаёмства.

5. Выдзеліць з хімічных злучэнняў кісларод і далучыць вадарод.

аднаво́кі, ‑ая, ‑ае.

З адным вокам. Аднавокі музыкант Савоська, які быў спецыяльна запрошан Габрусём для кірмашу, спрытна хадзіў кручкамі па цымбалах. Чарот.

аднаво́р, ‑у, м.

У выразе: (сеяць) у аднавор — пра сяўбу на полі, узараным адзін раз. Азіміну сяк-так абсеялі, дзе ў аднавор, а дзе і па бульбянішчы. Сабаленка.

аднаво́севы, ‑ая, ‑ае.

З адной воссю. Аднавосевы аўтапрычэп.

аднаво́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Аднавокая прэснаводная жывёліна падкласа ніжэйшых ракаў.

аднаву́хі, ‑ая, ‑ае.

З адным вухам. Набегаўшыся ўволю, .. [дзедаў] скакун з’явіўся назад, з’явіўся аднавухі, з абкарнаным хвастом.. Лынькоў.