Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адзервяне́нне, ‑я, н.

Стан паводле знач. дзеясл. адзервянець.

адзервяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Тое, што і адзеравянець. — Значыцца, у вас горкае вока, а ваша сэрца не зусім адзервянела, — заўважыў Лабановіч. Колас.

адзе́ржацца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.

Разм.

1. Устаяць на месцы, захаваць раўнавагу, не ўпасці. У галаве.. [парабчыхі] ад слабасці закружылася, яна не магла адзержацца на вышках. Чорны. Голас старога ўзняўся ад дрыжання, у нейкім адчаі ён падняў уверх галавешку і з усяе сілы выцяў ёю па галаве Хвядзька. Той захістаўся і не адзержаўся на нагах. Лобан.

2. Застацца дзе‑н., прабыць; затрымацца. Жаўнеры нядоўга адзержаліся ў нашым краі. Сабаленка.

адзе́так, ‑тку, м.

Разм. Тое, што і адзенне.

адзе́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад адзець.

2. у знач. прым. У адзенні. [Рыгор] ляжаў адзеты на непасланай пасцелі. Гартны.

3. у знач. прым. Забяспечаны адзеннем. [Міхал Тварыцкі] быў адзеты і накормлены, можа якога з паўгода і сям’я яго магла быць не галодная. Чорны.

•••

Адзеты з іголачкі — пра чалавека, які адзеты ва ўсё новае.

адзе́цца, адзенуся, адзенешся, адзенецца; зак.

1. Надзець на сябе вопратку. [Лабановіч] кінуў скрыпку на стол.. і, момант падумаўшы, адзеўся, узяў палку і пайшоў. Колас. Гушка прыйшоў у хату, сеў, радасна адчуваючы спачын, пасля вымыўся, адзеўся ў лепшую адзежыну. Чорны. // Апрануцца кім‑н. Адзецца дзедам-марозам.

2. Набыць сабе неабходнае адзенне. Хто ж адзецца, пракарміцца Паможа? Дзе падзецца, прытуліцца, Мой божа? Купала.

3. перан. Пакрыцца чым‑н. (звычайна — лісцем, травой і пад.). Лес з раніцы адзеўся ў казачную квецень інею. Шамякін.

адзе́ць, адзену, адзенеш, адзене; зак., каго-што.

1. Надзець на каго‑н. адзенне. Маці адзела Славу, вынесла на двор, пасадзіла пры асвечанай сонцам сцяне. Чорны. // Апрануць кім‑н. Адзець мядзведзем.

2. Забяспечыць каго‑н. адзеннем. Беглі дні. Кончылася вайна. Хлопцаў адзелі і абулі. Асіпенка. // Даць магчымасць каму‑н. адзецца так або інакш. [Рыльскі:] — Чаму ж ён цябе не адзене, як чалавека! Ты ж у яго і за гаспадыню і за гаспадара! Чорны.

3. Тое, што і надзець (у 1 знач.); нацягнуць. Сам [Мароз] увайшоў першы, адзеў рукавіцы, пляснуў раз-два, і адразу халадком павеяла. Якімовіч. Выказаўшы гэта, Юрка адзеў кажух і выйшаў з хаты. Гартны.

4. перан. Пакрыць; ахінуць. Адзець берагі ракі ў граніт. □ Дубы зялёны плашч адзелі. Колас.

адзёр, адру, м.

Заразная, пераважна дзіцячая, хвароба, якая суправаджаецца высыпкай, запаленнем дыхальных шляхоў і гарачкай. Галена мела моцнае здароўе. Перахварэўшы ў маленстве на адзёр, яна пасля нават і не кашлянула ніколі. Чорны.

адзёрны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да адру. Адзёрнае захворванне. // Выкліканы адром. Адзёрная высыпка.

адзімава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; зак.

Правесці дзе‑н. зіму.